Пуцін заклікае беларускі народ змагацца за аб’яднанне з Расіяй
Рэальнае ўз’яднанне Расіі і Беларусі і ўтварэнне паўнавартаснай адзінай дзяржавы залежыць ад волі беларускага народа, лічыць расійскі прэм’ер.
Такое меркаванне Ўладзімір Пуцін выказаў на сустрэчы з моладдзю на форуме “Селігер-2011”. Адзін з удзельнікаў задаў яму пытанне, ці можа стаць Беларусь і Расія адзіным цэлым, як гэты было ў часы Савецкага Саюза.
“Гэта магчыма, вельмі пажадана і цалкам залежыць — на 100% залежыць — ад волевыяўлення беларускага народа”, — цытуе Пуціна РИА Новости.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць розныя падыходы да інтэграцыйных працэсаў і важна, каб голас у абарону інтэграцыі быў пачуты. Пры гэтым кіраўнік расійскага ўраду аддае належнае Аляксандру Лукашэнку. Маўляў, той паслядоўна ідзе па шляху інтэграцыі з Расіяй.