Rage: Арганізаваць нам канцэрт у Беларусі так складана, што апускаюцца рукі

Першая частка размовы:

121221_backstage_1_0.mp3

Другая частка размовы:

121221_backstage_2.mp3

Трэцяя сатка размовы:

121221_backstage_3_0.mp3

Чацвёртая частка размовы:

121221_backstage_4.mp3

Праз дзень пасля фестывалю “Грыфаманія-2012” яе хэдлайнер, гітарыст Віктар Смольскі, які ўжо каля 20 гадоў грае ў вядомым на ўвесь свет нямецкім металічным гурце Rage, завітаў у студыю Еўрарадыё. Музыка прызнаўся, што са складанасцю знайшоў час у шчыльным графіку і адвёў на размову максімум паўгадзіны. Але гутарка пра узровень беларускіх музыкаў ды недарэчнасці ў арганізацыі канцэртаў у Беларусі зацягнулася амаль на гадзіну. Віктар быў настолькі эмацыйны ды захоплены, што за гэты час нават не паспеў дапіць кубак гарбаты.

Еўрарадыё: Вы выступілі ў якасці хэдлайнера на фестывалі “Грыфаманія”, але ў якасці акампаніятараў абралі не самых вядомых музыкаў, чаму?


Віктар Смольскі: Насамрэч, мне было вельмі прыемна прыехаць у Мінск і паўдзельнічаць у такой мясцовай тусоўцы. Апошні раз я ў такім удзельнічаў гадоў 25-30 таму, калі не памыляюся. Для мяне гэта быў вечар настальгіі. Мяне запрашалі як госця, і ад пачатку думалі, як гэта лепш зрабіць: каб я выканаў нейкую сольную праграму, ці сваю воркшопную праграму, зрабіў нейкі майстар-клас… Але, улічваючы, што ў мяне тут многа знаёмых, такіх як Аляксандр Kiss і яго гурт Attraction, таму я прапанаваў выканаць нешта разам. Джэмаваць мне заўсёды падабалася, таму і рызыкнуў выйсці з хлопцамі без рэпетыцый. Было вельмі весела! А з іншага боку, і нечакана, што маладыя хлопцы так выдатна рыхтуюцца, вучаць. Мы адыгралі проста ідэальна, з двума вакалістамі…

Еўрарадыё: А калі параўноўваць нашых маладых гітарыстаў і, напрыклад, нямецкіх, то што можна сказаць?


Віктар Смольскі: Ды няма вялікай розніцы! Музыкі ў нас вельмі моцныя, цікавыя, таленавітыя, тусоўка адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. Адзінае, чаго, магчыма, не хапае нашым музыкам — менавіта досведу, канцэртнага досведу, музычнага абмену, бо ў нас мала клубаў і мала магчымасцяў, каб граць і бачыць іншых музыкаў. Таму, магчыма, некаторыя з музыкаў крыху скаваныя, але музычны ўзровень у іх вельмі высокі.

Еўрарадыё: Нядаўна ў нас праходзіў семінар, куды прыехалі журналіст, арганізатар фэсту ды прадзюсар з Германіі, дзяліліся ўласным досведам. Яны параўналі нашу музычную сітуацыю з колішняй ісландскай. Там, калі з’явілася Bjork, яна пачала вывозіць у іншыя краіны розныя ісландскія гурты, каб папулярызаваць і іх. Ці не было ў вас жадання неяк паспрабаваць прасунуць нашых музыкаў на Захад?


Віктар Смольскі: Натуральна, такое жаданне ёсць, нават былі спробы прадзюсаваць, браць разам у туры, гэта былі і расійскія прыклады. Цяпер Аляксандр Kiss, так бы мовіць, выязны і будзе браць удзел у франкфурцкай музычнай выставе, то бок, пэўны абмен ужо пачынаецца. Розніца паміж беларускімі і ісландскімі гуртамі ў тым, што ў нас узнікаюць вялікія праблемы з візамі. Гэта разбурае ўсе планы, бо гастрольнае жыццё даволі спантаннае, часам даводзіцца тэрмінова зрывацца, збіраць рэчы і ехаць на канцэрт. Прапановы могуць з’явіцца ў любы момант. Але для нас гэта немагчыма ў сувязі з візамі. Тая ж сістэма з кантрактамі. У нас няма гарантыі для заходніх фірм, што музыкі здолеюць катацца, што яны могуць выехаць, што аўтарскія правы абароненыя, што тут увогуле працуюць музычныя законы. Таму дагэтуль з беларусамі вельмі цяжка, і магчымасцяў ім дапамагчы ў мяне амаль няма.

Еўрарадыё: А ці існуе нейкім чынам Беларусь на, скажам, еўрапейскай музычнай мапе?


Віктар Смольскі: Ніхто пра нас нічога не ведае! На жаль! Калі я распавядаю на музычных выставах, ці фэстах, што я з Беларусі, то потым яе вельмі доўга шукаюць на мапе. І тое, што тут вельмі моцна развітая музычная сцэна, ніхто ўвогуле не чуў, што вельмі трагічна.

Еўрарадыё: Дык што трэба нашым музыкам, каб зачапіцца на Захадзе?

Віктар Смольскі: Моцнае здароўе ды моцныя нервы, бо гэта не так проста ўсё. Пасля “Перабудовы” ўсім было вельмі цікава хто там прыедзе з былога Савецкага саюзу ды што сыграе, ды ўвогуле, што там адбываецца. Цяпер гэтая цікаўнасць знікла, таму даводзіцца даказваць выключна на музычным узроўні, ўмееш ты што-небудзь ці не. А адкуль ты прыехаў, ужо ўсё адно.

Таму трэба моцна рыхтавацца, рыхтавацца комплексна. Натуральна, можна прыехаць адыграць канцэрт, з’ехаць і цябе ніхто ўжо не ўзгадае. Трэба рыхтаваць канцэртную праграму, спрабаваць прарвацца на супорт у які-небудзь тур… Абавязкова мусіць быць дыск, каб яго прадаваць, загадзя варта рыхтаваць рэкламу ў тым жа інтэрнэце, каб была падтрымка, каб гэта было на тэматычных форумах, каб можна было знайсці ўсю неабходную інфармацыю пра гурт у інтэрнэце, нармальныя фотакарткі, каб там былі, калі раптам СМІ зацікавяцца…

Абавязкова трэба мець гадавую шэнгенскую візу, як мінімум. Ну, і, безумоўна, трэба мець нейкую фінансавую падтрымку, бо знаходзячыся там, у туры, трэба неяк жыць, есці… Таксама варта абдумаць. на якой апаратуры граць, калі ўжо туды ехаць, бо не ўся апаратура прапаноўваецца, а калі прапаноўваецца, то не так проста.

Трэба спрабаваць скантактавацца з нейкімі маладымі мясцовымі гуртамі, яны таксама могуць дапамагчы. Сябраваць з гэтымі гуртамі, аб’ядноўвацца, ладзіць нейкія маленькія агульныя туры. Ну, і трэба ж заўсёды глядзець, у якой тусоўцы будзеш граць, якія там стылі любяць…

Прадаць нейкі кампот са стыляў значна складаней, чым пэўны вызначаны стыль. У дакладнага стылю ёсць свой калідор у бізнэсе, свая прэса, свае крамы, часопісы, фэны… То бок нешта новае — гэта заўсёды рызыкоўна, а капіраваць значна лягчэй, але не так цікава, як рабіць нешта сваё.

Еўрарадыё: Калі вы сюды прыязджаеце, то праводзіце для ўсіх жадаючых майстар-класы. Навошта вам гэта?


Віктар Смольскі: Проста я памятаю, як было складана мне 30 гадоў таму. Ніякай інфармацыі не было, ніхто нічога не падказваў, не паказваў, таму і хачу дапамагчы чым магу, неяк патлумачыць, падказаць, заўважыць памылкі… Скажам, адкрыць у чалавеку талент і дапамагчы яго развіць. Урэшце, проста падтрымаць, бо у нас музыкам вельмі складана, шчыра кажучы, не менш складана, чым было. За 25 гадоў, што жыву за мяжой, тут нічога не змянілася, ніякага развіцця музычнага бізнэсу я не заўважыў. Ён як быў у такім сонным стане, так і застаецца.

Еўрарадыё: Вы цяпер з’яўляецеся афіцыйным прадстаўніком фірмы Yamaha…


Віктар Смольскі: Я працую са шматлікімі фірмамі, так, больш за дзесяць гадоў з Yamaha, не толькі гітары, але і клавішы і розныя студыйныя інструменты. Я распрацоўваю гітары для фірм Engl, Siggi guitars, Cordial… Напэўна, гэта пачалося яшчэ тут, калі ў Беларусі нічога не было і даводзілася круціць усё самому разам з мясцовымі майстрамі. На Захадзе я працягваю свае ідэі прапаноўваць фірмам, і яны карыстаюцца поспехам. Тыя ж узмацняльнікі Engl займаюць у Еўропе першае месца, і такія зоркі, як Рычы Блэкмар, Стыў Морс іх выкарыстоўваюць.

Еўрарадыё: То бок вы нешта распрацоўваеце, дасылаеце гэта фірмам, а яны выкарыстоўваюць вашы ідэі, так?


Віктар Смольскі: Так! Вельмі проста, можна і з Беларусі такое рабіць.

Еўрарадыё: У вас ёсць сумесны праект з вашым бацькам кампазітарам Змітром Смольскім…


Віктар Смольскі: З бацькам мы даўно супрацоўнічаем. У прынцыпе, Rage быў першым металічным гуртом, які пачаў выступаць з аркестрам, яшчэ да Metallica і ўсіх астатніх. З бацькам мы таксама рабілі разам нейкія аранжыроўкі і склалі сімфонію для электрагітары ды сімфанічнага аркестра. Пазней з’явіліся копіі ад Інгві Мальмсціна, Стыў Вай таксама рабіў з аркестрам праекты, але гэта ўсё было пазней. Нашу працу мы паказалі еўрапейскай публіцы, з неверагодным поспехам прайшоў канцэрт у Берліне, у Берлінскай філармоніі былі распрададзеныя ўсе квіткі. Таксама мы гралі і ў Мінскай філармоніі. На жаль, не атрымалася і ў гэты прыезд адыграць…

Еўрарадыё: А працяг нейкі будзе гэтага праекта?


Віктар Смольскі: Думаю, што ў будучым які-небудзь новы праект прэзентуем, бо нам гэта спадабалася, гэта цікава, і праца з бацькам для мяне заўсёды вельмі цікавая.

Еўрарадыё: А дзе можна знайсці запісы гэтага праекта?


Віктар Смольскі: На маім сольным альбоме “The Heretic”, гэта дыск толькі аркестра з гітарай.

Еўрарадыё: Вы з’яўляецеся гоншчыкам, а што для вас на першым — месцы музыка ці гонкі?


Віктар Смольскі: Музыка — маё жыццё, а каб адключыцца ад музыкі, якой часта зашмат, бо гэта не толькі Rage, а гэта мая музычная школа, воркшопы па ўсім свеце, прадзюсаванне іншых гуртоў, я працую на вялікую колькасць гуказапісвальных кампаній, як госць у розных інструментальных праектах — то бок, музыкі вельмі шмат у галаве, часам, гэтых нот ужо такая колькасць, што трэба неяк адключацца…

Мотаспортам я зацікавіўся ўжо гадоў 20 таму, і ўжо гадоў з 15 ганяю прафесійна, у мяне прафесійная ліцэнзія. Я бяру ўдзел у чэмпіянаце Германіі па раллі, гэта і кальцавыя гонкі, у чэмпіянаце Еўропы, зараз я вярнуўся з Мексікі, дзе я ганяў на “багі” па пустыні. То бок, экстрыму ў жыцці хапае: я і з парашутам скакаў, і на самалётах лётаў, пераспрабаваў усё, што толькі магчыма, а спыніўся на гонках. Даволі паспяхова спыніўся, у гэтым годзе чатыры першыя месцы ў чэмпіянаце Германіі.

Еўрарадыё: А самае высокае дасягненне?


Віктар Смольскі: Думаю, што самае сур’ёзнае — гэта трэцяе месца на 24 гадзіннай гонцы, адной з самых буйных гонак у свеце. Трэцяе месца ў класе — гэтага ніхто не зразумеў, я і сам не зразумеў, бо за мной былі элітныя гоншчыкі, былыя гоншчыкі “Формулы-1”, сусветныя зоркі, якіх я абагнаў, і сам не мог паверыць.

Еўрарадыё: А не перашкаджае адно іншаму — прафесійнае заняцце гонкамі і музыкай адначасова?


Віктар Смольскі: Мне наадварот дапамагае, бо аўтагонкі трымаюць мяне ў выдатным спартовым стане і адключэнне на гонках на выходныя мне дапамагае з яшчэ большым энтузіязмам ды задавальненнем займацца музыкай. А па часе адно на адно не накладаецца, бо прафесійныя кантракты заключаюцца на доўгі тэрмін, а калі мы ў туры ці на канцэртах, то проста адмаўляюся ад гонак.

Еўрарадыё: Ну, і давайце вернемся да гурта Rage. На вашу думку, на якой цяпер стадыі знаходзіцца калектыў?


Віктар Смольскі: Думаю, што на стадыі сур’ёзнай, граматнай сталасці. 21 альбом за 28 гадоў – гэта вельмі прадуктыўна. Вельмі мала буйных вядомых гуртоў, якія на столькі стабільна знаходзяцца ў бізнэсе. У нас не было ніякіх правалаў, кожны тур – практычна сусветны. Сёлета быў самы крупны тур па Расіі, мы два тыдні ездзілі… І што вельмі важна, мы не загналі сябе, то бок, калі мы адчуваем, што стаміліся ад гастроляў, то робім паўзу. Я не хачу выходзіць на сцэну як на працу, я хачу атрымліваць асалоду ад кожнага канцэрта. Усё, што мы робім, — выключна для задавальнення. Мы не баімся эксперыментаваць, бо не жадаем паўтарацца. Таму ў Rage 21 альбом, і ўсе яны розныя. Цяпер мы адасобілі Rage ад аркестра, зрабілі два розныя праекты. Апошні альбом “21” вельмі жорсткі, там ні клавіш, ні аркестра няма. А ў наступным годзе будзе дыск, які і будзе называцца Lingua Mortis Orchestra”, то бок, гэта на базе Rage праект з гасцямі, дзе будуць жаночыя вакалы, новыя інструменты…

Еўрарадыё: Але з аркестрам у вас не атрымліваецца так гастраляваць…


Віктар Смольскі: Натуральна, бо гэта вельмі дорага. Але ў наступным годзе ўжо пацверджана шмат канцэртаў. Напрыканцы студзеня мы з аркестрам — у Амерыцы, летам у нас шмат буйных фэстаў, гэта і Wacken Open Air, Masters of Rock, то бок, гастролі будуць.

Еўрарадыё: А з Беларусі прапановаў няма?


Віктар Смольскі: Канцэрт у Беларусі вельмі хочацца зрабіць, тым больш, ёсць клуб Re:Public, які, мне падаецца, цалкам адпавядае нашаму гурту. Я планаваў закрыць расійскую частку сусветнага турнэ ў Беларусі, але зноў не атрымалася. То бок, нармальна арганізаваць канцэрт у Беларусі настолькі складана, што ў мяне апускаюцца рукі. Знайсці нармальных, адэкватных арганізатараў, каб яны адказвалі за свае словы, выконвалі кантракты — немагчыма! Столькі нерваў даводзіцца губляць, што я ўжо стаміўся.

Цяпер сарваўся чарговы канцэрт, які я спрабаваў арганізаваць. Планаваў сольны канцэрт у TNT, які пазіцыянуецца нібыта як рок-клуб! Каму прыйшла ў галаву такая думка, назвацца рок-клубам, бо рок яны не падтрымліваюць і нічога там не ладзяць. Калі мне кажуць: “Нам канцэрт не вельмі цікавы, бо цяпер карпаратывы, нам трэба грошы зарабляць!” Ну, дык навошта называцца рок-клубам, назваліся б, напрыклад, рэстаран “Бярозаўка”, паклалі б пласцінкі на падлогу і тапталіся па іх. Гэта ўсё лухта, мяне гэта ўсё раздражняе!

Перад апошнім канцэртам Rage з аркестрам у Мінску ў мяне столькі сівых валасоў дадалося, што няма жадання паўтараць гэты досвед. Уявіце, за паўгадзіны да канцэрта я стаяў на сцэне і не ведаў, будзе канцэрт ці не. Раптоўна філармонія вырашыла не даваць пульты, крэсл для аркестра, не прыязджае святло, ставяць апаратуру не тую, на якую дамаўляліся, пасля саўнд-чэка, у дзень канцэрта ўздымаюць арэнду ўдвая… Разумееце, многія з гледачоў, якія набываюць квіткі на мінскі канцэрт Rage, ужо бачылі нашы выступы за мяжой, і ведаюць, на якім узроўні праходзяць канцэрты там. Мне іх проста шкада, бо яны прыходзяць, атрымліваюць дрэннае шоў з дрэнным гукам, а потым мне даводзіцца выслухваць ды чытаць негатыўныя водгукі пра канцэрт.

Карацей, я б з вялікім задавальненнем выступіў у Мінску, калі нехта возьмецца за НАРМАЛЬНУЮ арганізацыю канцэрта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі