Расію прапануюць далучыць да еўрапейскага ўплыву на Беларусь
З такой прапановай выступіў Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ерн Ягланд.
Гэтую ініцыятыву ён агучыў 22 сакавіка ў Осла, дзе праходзіць міжнародная канферэнцыя па сітуацыі ў Беларусі.
На думку Ягланда, Еўропа ніколі не зможа прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і сысці ад улады самастойна, перадае БелаПАН. Ён лічыць неабходным усведамляць гістарычную мінуўшчыну Беларусі і імкнуцца да сумеснай міжнароднай стратэгіі, уключаючы Расію ў сумесныя высілкі.
Разам з тым генсакратар Савета Еўропы не верыць у плённасць эканамічных санкцый супраць Беларусі, якія плануе 23 сакавіка ўвесці Еўрасаюз.
Дарэчы, 23 сакавіка Ягланд наведае Маскву. Ён будзе ўдзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі Расійскага савета па міжнародных справах "Еўраатлантычная супольнасць бяспекі: міф ці рэальнасць". У рамках канферэнцыі плануецца двухбаковая сустрэча Ягланда з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Падчас яе будзе абмяркоўвацца ў тым ліку сітуацыя ў Беларусі.
Фота: telegraf.by