Re:Public: “Уключаем фільтр! Прахаднога ў гэтым сезоне не будзе”

Слухаць інтэрв'ю з Максам Старцавым:

120824 BS .mp3

Еўрарадыё: Макс, год назад мы сустракаліся ў яшчэ напалову дабудаваным клубе Re:Public і размаўлялі пра планы, слухалі твае абяцанні пра тое, што чакае Мінск… Скажы, па сканчэнні года працы, вы не шкадуеце, што заварылі гэту кашу?

Макс Старцаў: Вядома, усё нялёгка было. Былі і выклікі нейкія. Але не, ні ў якім разе, ніхто з нас ні на секунду не ўсумніўся ў тым, што мы робім. На шчасце, я бачу, што мы гэта робім нездарма.

Еўрарадыё: Калі казаць не пра станоўчыя водгукі, а пра тую велізарную крытыку, якая на вас абрушвалася: адмена канцэртаў, да прыкладу,"Крамбамбулі", дрэнная акустыка клуба... Што вы можаце сказаць на гэты конт?

Макс Старцаў: Мы вельмі спакойна ставімся да гэтай крытыкі і імкнёмся вынесці з яе станоўчы ўрок.

Першае — адмененыя канцэрты. Калі падумаць, то тут клуб гуляе настолькі малаважную ролю, што пра гэта нават і казаць няма чаго. Мы даем пляцоўку, мы не вырашаем нейкіх рэчаў, якія вырашае хтосьці іншы. Мы клуб і жадаем працаваць доўга і цешыць усіх гледачоў. І мы насамрэч не жадаем ні з кім лаяцца.

А з нагоды гуку — вядома, гэта самае галоўнае. Гэта адзінае, пра што мы думаем кожны дзень і імкнёмся працаваць, каб яго выправіць. І ўсе гукарэжысёры, якія кажуць, што ёсць праблемы з гукам, яны, натуральна, маюць рацыю, таму што, так, гэта вельмі складаны клуб. Але выйсце з гэтай сітуацыі ўсё ж ёсць: заўсёды прыслухоўвацца і працаваць разам, побач з нашымі гукавікамі, якія ведаюць месца, якія ведаюць усе гэтыя хітрасці вар'яцкія.

Як прыклад — гэта канцэрт SunSay летась, калі была ідэальная праца гукавікоў SunSay і нашага, і быў ідэальны гук пры вельмі складаным складзе гурта.

Але гэта не значыць, што мы адмаўляем нашы памылкі і кажам: "не-не, што вы, у нас выдатны гук". Мы ўвесь час працуем над гэтым, і вось да новага сезону мы ўжо паспрабавалі максімальна заглушыць памяшканне.

Еўрарадыё: Якія яшчэ памылкі вы хочаце выправіць у новым канцэртным сезоне?

Макс Старцаў: Хачу зрабіць фільтр мерапрыемстваў. Каб больш не было нейкіх зусім прахадных гуртоў, якім у адным клубе рэзка адмовілі, і яны прыйшлі да нас са словамі "калі ласка, прыміце нас да сябе на мерапрыемства, таму што… ну што нам рабіць?". Не тое што б мы шкадавалі гэтыя каманды, але думалі ўвесь час "чаму б і не?".

Хачу зрабіць фільтр мерапрыемстваў. Каб больш не было нейкіх зусім прахадных гуртоў, якім у адным клубе рэзка адмовілі, і яны прыйшлі да нас.

Еўрарадыё:  Ты кажаш пра маладыя гурты?

Макс Старцаў: Так, пра салянкі маладыя. Ні ў якім разе не жадаю пакрыўдзіць усіх маладых музыкаў, але часам гэта такая жудасць бывае, калі недасведчаныя дзеці зусім не ведаюць, як граць у такім велізарным клубе, якія не разумеюць, што такое праца з гукарэжысёрам. Проста сарамнавата было за тое, што часам адбывалася ў нашым клубе.

Еўрарадыё: Распавядзі, каго ўсё ж чакаць у новым сезоне? Якія імёны, стылі? Тое, што не Джэніфер Лопез і не Мерлніа Мэнсана, мы ўжо ведаем…

Макс Старцаў: Я б паглядзеў на Джэніфер Лопез у Рэпабліку… Хоць Мэнсана, так, акустыка ў нас была б добрая.

Шчыра скажу, што самыя смачныя імёны, якія асабіста я заўсёды марыў убачыць у Мінску — пакуль яшчэ знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі. І іх канцэрты, я спадзяюся, здзейсняцца ў 2013 годзе. Не магу пакуль нічога сказаць.

Восень 2012 у Re:Public: SunSay, Noise MC, Сегодня Ночью, Loc Dog, Anacondaz, B:N, РСП, Петля Пристрастия, «СТАрт!», DJ LongArm і Руслан Гаджымурадаў, фэст «Пірацкая станцыя», Линда

Еўрарадыё: А намякнуць?

Макс Старцаў: Гэта сусветныя імёны. Бацькі свайго стылю музыкі, брытанскія багі… усё, маўчу. А з таго, што ёсць…

Еўрарадыё: Мы ўжо падгледзелі твой каляндар, SunSay ізноў везяце?

Макс Старцаў: Так, мінулы канцэрт быў такі выдатны, людзей было шмат, гук выдатны, хлопцам спадабалася, і яны не прымусілі сябе доўга чакаць.

Таксама са сталых нашых рабят і добрых сяброў — прыедзе Noise MC. «Сегодня Ночью» прэзентуюць у нас новы альбом, які павінен выйсці на пачатку лістапада.

Прыязджаюць яшчэ такія культавыя каманды як «Линда», у многіх станаўленне адбывалася пад гэту музыку — 1 лістапада іх канцэрт.

Для аматараў альтэрнатыўнай музыкі, альтэрнатыўнага року, хард-кору, пост-хард-кору — шмат прывозаў зробіць агенцтва Wake Up! У іх прадуктыўнасць на мяжы фантастыкі, ад іх чакайце ў бліжэйшыя месяцы канцэртаў 7. Я, далібог, не моцна валаку ў альтэрнатыўнай музыцы, але я сапраўды ведаю, што яны не вазілі нічога прахаднога.

Для прыхільнікаў хіп-хопу ў нас таксама ўсё ў парадзе — ад гіганцкага канцэрта Loc Dog да маіх улюбёных рускіх рэпераў групы Anacondaz, такія вясёлыя класныя хлопцы, будуць у кастрычніку ў нас.

З беларускіх B:N у нас штосьці прэзентуюць у кастрычніку, з нашых любімчыкаў — «Пятля Пристрастия» сумесна з «РСП» будуць, выбіраем ім датку. Беларусаў не забываем, будзем працягваць праект «СТАрт!» — там будзе шмат маладых беларускіх рабят, якія граюць у самых розных стылях.

Еўрарадыё: А што чакаць ад начных мерапрыемстваў аматарам электроннай музыкі?

Макс Старцаў: У канцы верасня ў нас будзе гіганцкі фэст «Пірацкая станцыя». Такое звычайна не ў клубах робіцца, а ў велізарных залах, але вось JetSounds — тыя, хто падтрымлівае гэты праект у Мінску — вырашылі зрабіць яго клубным. І я думаю, што атрымаюцца і чад, якога яны жадаюць, і, пры гэтым, клубная ўтульнасць. Не ведаю, чаго чакаць, магчыма, выбух мозгу.

А яшчэ ў верасні, у суботу 22-га, будзе ноч трып-хопу — праект DJ LongArm і Руслан Гаджымурадаў, які быў бубначом «Ассаи». У іх шыкоўны праект, які слухаеш і ўлятаеш.

Еўрарадыё: Апроч канцэртных планаў, хацелася б пачуць твае думкі пра клуб Re:Public у кантэксце музычнага жыцця горада. Як вам падаецца, ці ўплываеце вы на наш музычны асяродак? Ці фармуеце густы? Ці адчуваеце вы гэту адказнасць на сабе?

Макс Старцаў: Так, перад кожным пацверджаннем канцэрту я заўсёды пытаю сябе: "Так, ты ўпэўнены? Давай падумай, каб не было сорамна". Адказнасць ёсць, але ўсё ж яна дзесьці лунае. Таму што, як мне здаецца, мы нічые густы не змяняем. Мы імкнёмся дагадзіць усім. Наша задача — выдаць прадукт на любы густ, адзінае, каб гэта быў прадукт узроўневы.

Еўрарадыё: Ты можаш сказаць, што ўзровень беларускіх музыкаў расце?

Макс Старцаў: Вядома. Гэта відаць на кожным канцэрце. Мы нават сезон пачынаем толькі беларускімі гуртамі. Спачатку думалі прывоз нейкі рабіць, а потым вырашылі, навошта, калі ў нас ёсць свае годныя гурты? Вось, адчыняем сезон The Blackmail, The Fantastiques і яшчэ адным новенькім гуртом — Taste of Submarines. Гэта малады гурт, але яны мае даўнія сябры, якія выдалі выдатны прадукт — я не сумняваюся ў іх.

Еўрарадыё: Макс, скажы ўсё ж напрыканцы, які ў цябе ідэал клуба? Можна чакаць, што Re:Public калі-небудзь дасягне гэтага ідэалу, стане "легендарным", адкрые шмат новых імёнаў і застанецца ў памяці людзей... Ну, як усе тыя сусветныя клубы, пра якія мы ведаем...


Макс Старцаў: Ідэал, вядома, ёсць. Але цяпер так складана штосьці такое стварыць, таму што з цяперашняй моладдзю так складана… Ім жа не дагадзіць, яны такія прэтэнцыёзныя, яны ўжо ўсё ў гэтым жыцці бачылі-чулі-глядзелі, прынамсі, яны так лічыць. Новае? Ад новага яны перш за ўсё ўцякуць далей, потым, можа быць, пачнуць аналізаваць, але не ўсе, і ў выніку так нічога і не атрымаецца. Усё-ткі людзі раней былі больш адкрытыя адзін да аднаго, таму што ў іх была адна магчымасць мець зносіны — вочы ў вочы, а цяпер, калі яны могуць сядзець дома ў інтэрнэце і выдатна сябе пачуваць — ім нічога не трэба.

Але мара ў мяне ўсё ж ёсць, праўда, я не хачу яе агучваць, а хачу яе зрабіць. А так сыдзе. Re:Public — гэта не мой асабісты клуб. Гэта клуб, у якім я нясу адказнасць, гэта клуб, ад прыбыткаў якога людзі жывуць. Я жадаю зрабіць такое месца, якое не будзе фінансава залежаць ні ад чаго, вось тады можна разлічваць на "культавасць».

Еўрарадыё: І доўга чакаць?


Макс Старцаў: Я спадзяюся, не больш за два гады…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі