Rock Profi абвясцілі спіс намінантаў і перамогу "Ляписа Трубецкого"

Арганізатары прэміі Rock Profi абвясцілі шорт-ліст намінантаў на ўзнагароды. У спіс дэбютантаў трапілі адразу пяць гуртоў: 2morrow2late, Сlover Club, Hair Peace Salon, Nizkiz ды Sang Sattawood. Лепшыя песні ў 2012 годзе напісалі Akute ("Кроў бы вада"), Clover Club ("On Rewind"), “Ляпис Трубецкой” ("Железный"), Сяргей Пукст ("Совсем другой в жизни"), “Серебряная свадьба” ("Чёрная речка").

Ганарыцца запісамі альбомаў могуць зноў жа Akute, Clover Club, “Серебряная cвадьба” ("Не існуе", "Random Mood Jukebox", "Laterna Magica" адпаведна), а таксама Yellow Brick Road ("Futuremental") ды Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra ("Ваячак"). Гэтыя ж альбомы (толькі “Ваячака” замяніў “Ляпісаўскі” “Рабкор”) беларускія музыкі палічылі лепшымі ў 2012 годзе. Вядучымі ж артыстамі сталі Akute, The Toobes, "Дай Дарогу!", "Ляпис Трубецкой" ды "Серебряная свадьба".

Апроч магчымай перамогі адразу ў трох намінацыях, гурт "Ляпис Трубецкой" ужо атрымаў узнагароду “За ўнёсак" ў айчынны рок, індзі ды альтэрнатыву.

“Статуэтка пакуль у нас, бо “Ляпісы” цяпер знаходзяцца ў туры ― кажа заснавальнік Rock Profi і дырэктар студыі гуказапісу “ОСМОСПавел Юрцэвіч. ― Была магчымасць перадаць статуэтку праз дырэктара гурта Яўгена Калмыкова, але, калі ён даведаўся пра яе вагу, то вырашыў што ў самалёце з ёй будзе нязручна. На самой цырымоніі ўручэння прадстаўнікоў "Ляписа Трубецкого" таксама не будзе, але плануецца, што музыкі запішуць відэазварот”.

Нагадаем, у галасаванні бяруць удзел 57 калектываў і выканаўцаў (1 гурт = 1 голас), якія выдалі паўнафарматныя альбомы ў 2010-2012 гадах — ад моладзі да мэтраў. Галасаваць за працы і праекты са сваім удзелам па ўмовах прэміі забаронена.
 
Другі тур галасавання адбудзецца ўжо на гэтым тыдні. Пераможцы будуць абвешчаныя падчас закрытай цырымоніі 16 красавіка ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі