Рок-клубы нашага дзяцінства (фота)

На пачатку 1990-х нефармальная творчая моладзь збіраецца на лесвіцы ля Дома Афіцэраў. Там, пад адкрытым небам праходзяць імпрэзкі, канцэрцікі, пастаноўкі… Там нараджаецца вулічны тэатр “Бамбукі”, у які ўваходзяць Сяргей Міхалок, Сяргей Есін, Яўген Калмыкоў... Неўзабаве будучы дырэктар “Ляписа Трубецкого” знаходзіць месца, дзе можна афіцыйна тусавацца і ўзімку, калі “на лесвіцы” рабілася няўтульна.

“У тыя часы любыя палацы культуры, кінатэатры і г.д. вельмі лёгка ішлі на камерцыйны кантакт, — корпаецца ў памяці музыка ды шоў-мэн Аляксандр Памідораў. — А адміністрацыя кінатэатра “Піянер” заўсёды станоўча ставілася да розных моладзевых аб’яднанняў. Таму менавіта ў холе кінатэатра раз на тыдзень пачалі праходзіць “сабранні” клуба “Аддис Абеба”.

Клуб прапісваецца па адрасе: вуліца Энгельса, 20. Там пануе бесклапотнае рэгі, але працуе жорсткі фэйс-кантроль, каб пазбягаць скіноў. Частка імпрэзаў праходзіць у “закрытым” фармаце: квіткі не даходзяць да вольнага продажу. Вечар пачынаецца з жывога канцэрта і працягваецца дыскатэкай. Але ў 1996 годзе “нефармальныя тусоўкі” пачынаюць напружваць “жыхароў” будынку насупраць. У выніку клуб закрываюць.

Складана ўявіць, але ў тыя часы не было лічбавых фотакамер, таму фоткі, калі і захаваліся, дык толькі ў прыватных архівах

На сценах сярод пальмаў віселі габелены і партрэты Боба Марлі ды Хайле Селасіе

Прыкладна ў той жа час тусоўка збіраецца ў сутарэннях палаца культуры МТЗ, у кавярні “Время”. Адрас: вуліца Даўгабродская, 24. Першапачаткова там адзін-два разы на тыдзень ладзяцца акустычныя канцэрты, больш падобныя на творчыя сустрэчы. Афіцыйна гэта называецца “Четыре апельсина”, але наведвальнікі даюць месцу мянушку “Сосиски и пиво толстого Мо”. Гэта праз стандартны ганарар музыкаў: скрыня піва на чалавека…

“Эстафету падхопліваюць дырэктар ды вакаліст Neuro Dubel Аляксей Маўзон і Аляксандр Кулінковіч адпаведна, — працягвае ўспаміны пра мінулае Аляксандр Памідораў. — Назву клуба змяняюць на “Три поросенка”. Ён працуе амаль увесь тыдзень. Каб зразумець усю знакавасць гэтага месца, варта дадаць, што праз нейкі час выдаецца касета з творамі, так бы мовіць, рэзідэнтаў. Там каля дзесяці гуртоў, сярод якіх “Распилил и выбросил”, Beauty by mistake, Hasta la Fillsta, “Ляпісы” ды іншыя”.

Нечакана адміністрацыя ПК МТЗ абвяшчае рамонт ў падвале, і клуб закрываецца. У 2000-х яго праца аднаўляецца пад шыльдай “Рок-клуб”. Цяпер жа на гэтым месцы працуе “гламурны” клуб “Сатурн”.

Нават не верыцца, што тут калісьці пачыналася сталічная рок-музыка

Тым часам мінскім гуртам патрабуецца новае месца для канцэртаў. Ім робіцца клуб “Резервация”, што існуе ў памяшканні сталовай пры інтэрнатах БДУІР. Адрас: вуліца Леаніда Бяды, 4.

Резервация” была абсалютна цэнтральным месцам, — узгадвае Макс Івашын, у тыя часы — клавішнік Neuro Dubel. — Там выступалі ўсе нашы рокеры. “Дзюбеля” былі ў адным канцэрце з гуртом “Корль и Шут”. Памятаю выступ нямецкага джаз-коравага калектыву Moorpaul. Дакладна першая “Попс-Каранацыя” там прайшла… Я разумею, што гэта нічога не сказаць, але там было ўсё”.

Клуб пачынаўся са звычайнай дыскатэкі пад назвай “Пирамида”, якую арганізаваў студэнт РТІ Юрый Баброўскі. А ідэя ладзіць там “жывыя” канцэрты належыць сённяшняму старшыні аддзела культуры Маскоўскага раёна Андрэю Бялову. Тады Андрэй Аляксандравіч быў студэнтам педінстытута. “Пирамиду” і “Резервацию” чаргавалі, але ў выніку цалкам перайшлі на “нефарматны фармат”.

На гэтым месцы раней скакала некалькі соцен чалавек

 

Месца раздачы ежы падчас канцэртаў закрывалася

Там, дзе зараз вешалка, стаяла сцэна

 

Па выхадных у клубе рэпетавалі Neuro Dubel і “Ляпис Трубецкой”, там жа збіраліся “Леприконсы”. Але ў сярэдзіне лютага 1998 года ўлады пачалі падазраваць, што ў клубе гандлююць марыхуанай. 1 красавіка гаспадарам клуба патэлефанавалі з патрабаваннем вызваліць памяшканне цягам 24 гадзінаў. “Резервацию” перадалі БПСМ (так раней называўся БРСМ). Клуб змяніў імя спачатку на “Альтэрнатыву”, а потым на “А-клуб”. Менавіта ў А-клубе прайшоў першы адборачны тур на фестываль “Басовішча”, які шмат гадоў задаваў трэнды ў беларускай музыцы.

"Резервацию" можна ўбачыць на нарэзке з выступаў Happy Face тых часоў:

Пасля закрыцця “А-клуба”, арганізатары паспрабавалі стварыць яшчэ адно месца для нефармальных тусовак. Так іншая РТІ-шная сталоўка ператварылася ў клуб “База”. Адрас: вуліца Петруся Броўкі, 8а. Гэты клуб запомніўся вялікай колькасць метал-канцэртаў. Тут выступалі нават сусветныя зоркі — нарвежскія блэк-металісты Mayhem.

Левы ўваход былая "База"

 

Тут калісьці правяралі квіткі і торбы!

 

Цяпер гэта памяшканне разбітае гіпсакартонавымі перагародкамі на офісы, побач працуе більярдны клуб.

Раней, падняўшыся па лесвіцы, ты адразу трапляў у двіжуху. Зараз трэба выбіраць

Памяшканне "Базы" разбіта на некалькі офісаў

Дзесьці на гэтым месцы раней была сцэна

Еўрарадыё працягвае наведваць тое, што засталося ад культавых клубаў нашага дзяцінства. На чарзе Парк-клуб Мінск”, NC, “Сафары”, “Акварыюм” і многія іншыя культавыя месцы.

Фота: Relax.by, Interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі