Самым разумным аказалася выставіць у галерэі “людзей з вуліцы”

120220 Kotka Nepasrednyia.mp3

Галерэя "Ў" разам са спонсарам Velcom год праводзіла конкурс для маладых мастакоў пад назвай Smart Art — “Разумнае мастацтва”. Пераможцам гэтага конкурса стаў Раман Аксёнаў, які прапанаваў незвычайную для беларусаў канцэпцыю. Хтосьці, магчыма, чакаў, што там будуць супер-тэхналогіі, прыдумкі XXI стагоддзя, але аказалася інакш.

Раман Аксёнаў прадэклараваў, што сам, як мастак, не можа зрабіць нічога шчырага (бо мастацтва — ягоная праца), і прапанаваў “людзям з вуліцы”, “непасрэдным”, стаць мастакамі-перформерамі-скульптарамі-фатографамі — тым, кім ім хочацца, абы яны падзяліліся са светам чымсьці галоўным і добрым.

Праца аднаго з удзельнікаў праекту — верш, намаляваны на плакаце:

Вечар. Ліхтары жоўтыя.

Дзядуля з мыліцамі.

Я яму ўсміхаюся: “Добры вечар!”.

Ён выпраміўся і ўсміхнуўся: “Добры вечар!”.

Сяджу ў дзіцячай паліклініцы, падбягае дзяўчынка трох гадоў, абдымае мяне. Усміхаюся тры дні.

Бог наведаў.


“Непасрэдных” Раман шукаў у інтэрнэце, у сацыяльных сетках і самых розных суполках (ад аматараў піва да прыхільнікаў поп-музыкі), даваў аб’яву ў газету “Из рук в руки”, хадзіў па вуліцах, расклейваў аб’явы і чапляўся да людзей з пытаннем “Вы ходзіце ў галерэі? Чаму? А можа, хочаце туды трапіць у якасці мастака? Прыходзьце! Я аддам вам сваё месца”.

“У мяне склалася ўражанне, што ў галерэю ходзяць толькі тыя, хто тут тусуецца, — расказвае аўтар праекту Раман Аксёнаў. — І захацелася зрабіць акцыю “захопу прасторы” людзьмі, якія тут не бываюць”.

У выніку атрымалася два “прадукты”. Першы — відэа з вулічнай апытанкай, другі — працэс творчасці тых, хто ўсё ж дайшоў у галерэю і намаляваў, як умеў, ўсё, што хацеў.

“Гэта вельмі адрозніваецца ад таго, што я звычайна бачу ў галерэях, — кажа музыка Цімафей, які прыйшоў на адкрыццё выставы. — Мяне вельмі здзівіла, што тут выстаўляюцца людзі, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Людзі не пасаромеліся паказаць тое, што яны бачаць у сваім светаадчуванні”.


“Я бачу ў гэтых працах наіўнасць і папсовасць, — дала ацэнку дзяўчына Іра, знаёмая Аксёнава. — Вобразы, якія намалявалі людзі, узятыя ці з рэкламы, ці з інтэрнэту. Я б не назвала гэта нечым самабытным, а проста яшчэ адным прадуктам соцыуму. Але, тым не менш, гэта мастацтва”.

“Гэты праект уразіў журы сваёй канцэптуальнасцю, — расказвае куратар праекту Сяргей Шабохін. — Там быў сацыяльны матыў — іронія, і ў чымсьці нават тэхналогіі. Не ў сэнсе новых тэхналогій, новых медыя, інтэрактыўнасці, а ў сэнсе моднага ў Еўропе калабартыўнага мастацтва — relation art. Гэта калі мастак ужо не з’яўляецца асноўным прадуцэнтам сваіх прац, а калі галоўную частку робіць глядач. Гэтыя элементы ў Беларусі мала хто выкарыстоўвае”.

Да 1 сакавіка яшчэ можна наведаць галерэю “Ў” і пашкадаваць, што вы не ўдзельнічалі ў праекце і не намалявалі “лепш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі