“Сэкс з барадатым мужчынам” — вясенняе відэа ад Сяргея Башлыкевіча
Мінскі бард выдаў беларускамоўны кавер на аўстралійскіх музыкаў-сцёбераў The Beards (відэа).
Мінскі бард Сяргей Башлыкевіч выклаў на Youtube кавер на песню гурта The Beards “You Should Consider Having Sex With a Bearded Man”. Ён пераклаў трэк на беларускую мову і самастойна выканаў ролі ўсіх чатырох аўстралійскіх музыкаў-сцёбераў.
“Ну, па-першае, мне сама тэматыка блізкая, ― з усмешкай распавядае Башлыкевіч. ― Нягледзячы на пратэсты атачэння, я пэўны час спрабаваў расціць бараду, а мінімальную і так пастаянна нашу. Гэты гурт мне даўно падабаецца, вясёлыя, забіяцкія песні, раю ўсім паслухаць. На “барадатую” тэматыку ўжо цяпер ёсць яшчэ паўтары каверы на The Beards, і рыхтуюцца яшчэ дзве песні, але ўжо ўласнага сачынення”.
Сяргей, хаця і паддаўся ўплыву аўстралійскага гурта, лічыць свой “барадаты міні-альбомчык” проста чарговым адгалінаваннем у творчасці, “адным з тэматычных цыклаў”. Калі з’явіцца запіс наступнага трэка — пакуль не вядома, бо на гэта не хапае часу. З той жа прычыны ў праекце Сяргея Leibonik пакуль няма іншых музыкаў. “Але гэтыя пытанні вырашацца пры першай жа магчымасці”, ― абяцае бард.