Сельскія школьнікі паступаюць лепш за гарадскіх?

111111 Nasta VNU.mp3

“У апошнія гады розніцы паміж сельскімі і гарадскімі практычна няма. Па палове спецыяльнасцяў у нас вышэй нават сельскі бал, або роўны”, - кажа Генадзь Мацецкі, прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ.


Такая ж самая сітуацыя і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Па 95% спецыяльнасцяў конкурсу паміж сельскімі і гарадскімі – няма, кажа Еўрарадыё рэктар БДУІР Міхаіл Батура:


“У правілах сказана, што калі ў сельскіх выпускнікоў бал роўны або вышэй, чым у гарадскіх, то аб’яўляецца агульны конкурс. У мінулым годзе мы набіралі, здаецца, на 32 спецыяльнасці. А конкурс быў толькі па 3-х спецыяльнасцях асобна паміж сельскімі і гарадскімі! Таму можна прыбраць асобна такі конкурс, паколькі ён ужо ролі не грае”.


Сапраўды, як падлічыла Еўрарадыё з 33-ох спецыяльнасцяў БДУІР на 16-ці – у сельскіх бал быў вышэйшы. Але ў той жа час ёсць спецыяльнасці, дзе балы адрозніваюцца ў 2 разы! Напрыклад, на спецыяльнасць “Маркетынг” Інжынерна-эканамічнага факультэта прахадны бал сярод гарадскіх абітурыентаў склаў 300 балаў, а сельскіх – 160!


Апроч адмены асобнага конкурсу для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школаў, адменяць льготы сіротам пры паступленні.


Яшчэ летам шмат у якіх ВНУ абураліся, што льготнікі набіраюць менш балаў і займаюць месцы выдатнікаў.


“У БНТУ на бюджэт залічаны абітурыент, які набраў 148 балаў. А той, хто набраў 265, не прайшоў, — скардзіўся старшыня камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй Анатоль Рубінаў Дапамагаць трэба матэрыяльна, а льгот на мазгі і на талент не мусіць быць”.


Нагадаю, летась у БНТУ на спецыяльнасць “Аўтаматызацыя кіравання энергетычнымі працэсамі” і “Аўтаматызаваныя электраправоды” на платнае быў залічаны абітурыент, якія набраў па фізіцы — а гэта профільны прадмет — адзін бал! Яшчэ адзін юнак, набраўшы 4 балы па матэматыцы, прайшоў на Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.


Што будзе агульны конкурс сярод сельскіх і гарадскіх выпускнікоў, сельскія школы не пужае. Мы і раней яго не адчувалі – кажуць там.


“Я не думаю, што ў нас у школе неяк будзе з-за гэтага праблема, я думаю, што не”, - кажуць у Прылукскай сельскай школе.


Летась ажно 87% выпускнікоў гэтай школы паступілі ў ВНУ - у асноўным БДУ, БНТУ ды БАТУ…


“Скажу па сваім досведзе. У мяне паступала дачка. І шмат у якіх ВНУ сельскі бал нічога не вырашаў, там амаль усе ішлі на агульных умовах. Асабіста мы з ёй розніцы ніякай не адчулі. Тое, што мы з вёскі не сыграла ніякай ролі, бо яны паглядзелі, што як раз у сельскіх атэстат быў вышэйшы, чым у гарадскіх, таму яны іх пусцілі па агульным конкурсе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі