Шаркоў ведаў пра крымінальную справу супраць удзельнікаў "Стоп бензін"
Пра гэта грамадскі актывіст распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё пасля публікацыі перапіскі паміж КДБ і Генпракуратурай 11 кастрычніка.
Еўрарадыё: Ці сапраўды існавала пагроза адкрыцця крымінальнай справы? Ці вы ведалі пра гэта?
Арцём Шаркоў: Я ведаў пра тое, што спадар Куляшоў, міністр упраўлення унутраных справаў, быў вельмі злы з гэтай нагоды і непасрэдна ён хацеў, каб такая справа была заведзеная. Што датычыцца спадара Зайцава, то пасля чэрвеньскай акцыі "Стоп-бензін" мяне забіралі, са мной мелі размову на гэты конт. Мяне папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці па артыкуле за шпіянаж, а не за арганізацыю масавых дзеянняў, у тым ліку не за арганізацыю акцыі "Стоп-бензін" 7 чэрвеня.
Еўрарадыё: Пасля гэтай размовы вы і адмежаваліся ад гэтых акцый?
Арцём Шаркоў: Акцыя "Стоп-бензін" праводзілася аўтааматарамі. Што датычыцца мяне, то на некаторы час я ўзначаліў гэты працэс, каб надаць кірунак гэтай акцыі. А далей спроба адмежавацца была, каб акцыя ішла сваім шляхам. Гэта было ўжо пасля размовы ў КДБ.
Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы цяпер працягваць сваю дзейнасць?
Арцём Шаркоў: Несумненна, страшна. І ёсць асцярога таго, што могуць пасадзіць. У нашай краіне – быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Але працу трэба рабіць, трэба займацца тымі пытаннямі, якія з’яўляюцца вельмі важнымі для нашых грамадзянаў. Я не буду адыходзіць ад гэтай справы, буду далей займацца ёй.