Што даражэй: бутэлька гарэлкі ці гадзіна ў трэнажорцы?

“Абсалютна любы спорт прыдатны для падтрымання цела ў выдатнай форме, ― кажа кіраўніца фітнэс-цэнтра “БагіраНаталля Наважылава. ― Гэта, хутчэй, псіхалагічны выбар кожнага. Лепшы спорт той, што падабаецца. Для падтрымання фігуры займацца трэба не менш за два разы на тыдзень па дзве гадзіны, а, калі нейкія адхіленні ад нормы ўжо ёсць, то не радзей за чатыры разы”.

Калі сам спорт значэння не мае, то давайце хуценька прабяжымся па самых папулярных варыянтах. Разглядаем толькі працоўныя дні ды вечар пасля працы. У Палацы воднага спорту сеанс у басейне на 45 хвілін каштуе 45 тысяч рублёў. Комплексны сеанс на 2.5 гадзіны, куды апроч басейна ўваходзяць саўна ды трэнажорка ― 85 тысяч.


ФАЦ “Кастрычніцкі” прапануе гадзінныя заняткі ў трэнажорнай зале за 23 тысячы, тут ёсць і месячныя абанементы: 2 заняткі на тыдзень каштуюць 184 тысячы, 3 заняткі ― 234. Але гэта вельмі бюджэтны варыянт, кошт гадзіны ў папулярных фітнэс-цэнтрах дасягае 100 тысяч і вышэй.


“Арыенціровачны кошт на аднаго чалавека — каля 1.5 мільёна рублёў, ― кажуць у элітным рэстаране італьянскай кухні Falconе. ― У гэтыя грошы ўвойдзе салата, гарачае, бакал віна і дэсерт. Калі больш сур’ёзна ў сэнсе алкаголю, то будзе дзесьці тры мільёны”.


З такімі коштамі на “пасядзець” нават “узмоцнены рэжым дагляду за целам” не параўнаць. Два заняткі па дзве гадзіны ў трэнажорцы ― 92 тысячы, два дні басейна па дзве гадзіны 15 хвілін кожны ― 270. Агулам на чатыры спартыўныя дні за тыдзень — 362 тысячы рублёў. З чатырма вясёлымі вечарамі ў Falconе (каля 12 мільёнаў) не пацягаешся.

Але для аматараў культурнага адпачынку рознага кшталту ў кавярнях таксама ёсць больш бюджэтныя прапановы. Напрыклад, вечар у бары “Валерыя” пацягне на 200-250 тысяч. У горшым выпадку, чатыры дні “ўлівання” пазбавяць вас мільёна рублёў.


На крайні выпадак — ёсць жа кватэра і бліжэйшая крама з гарэлкай па 50 тысяч. Гэтых грошай можа хапіць не на гадзіну-дзве, а на некалькі дзён.


Гадзіна корта для сквоша аднаму чалавеку абыдзецца ў 80-90 тысяч, але трэба шукаць паплечніка. Ды і за чатыры дні па 2 гадзіны набягае каля 700 тысяч. Гадзіна кёрлінгу каштуе 50 тысяч, але трэба знайсці яшчэ мінімум 7 удзельнікаў каманды. На ўсіх атрымаецца 400 тысяч. За такія грошы 8 чалавек здолее папіць хіба толькі піўка з рыбкай дзе-небудзь на вуліцы. Але гэта небяспечна, бо пагражае немалым штрафам.


Самыя танныя спартовыя забавы ― бег, ролікавыя канькі ды ровары. Яны не патрабуюць адмысловай вопраткі, арэнды памяшканняў ды інструктараў. Толькі паспявай абутак набываць ды падтрымліваць у працоўным стане канькі з роварам.


“Гэта залежыць ад таго, як ездзіць, дзе ездзіць і якія патрабаванні да ровара ў гаспадара, ― спрабуе падлічыць затраты на двухколавы сродак перасоўвання старшыня “Мінскага роварнага таварыства Яўген Харужы. ― Хтосьці за год-два можа памяняць толькі тармазныя калодкі, а хтосьці мяняе палову запчастак кожныя тры месяцы. У мяне за год набягае каля 6-7 тысяч кіламетраў, бо я езджу і зімой шмат за горадам езджу… Карацей, на мінулы год мне спатрэбілася дзесьці каля 500 тысяч”.

Наталля Наважылава на самым пачатку размовы з Еўрарадыё адзначыла, што здаровы лад жыцця адназначна даражэйшы за разгільдзяйства, бо не толькі спорт, але і правільнае харчаванне ўплывае на таўшчыню гаманца. Але знакаміты інструктар па фітнэсе перакананая, што гэта доўгатэрміновы ўклад, і ён стоадсоткава акупляецца з узростам.


Хоць, па выніках гэтага матэрыялу відавочна, што спорт таннейшы за гарэлку. Нават, калі яе набываць у звычайнай краме, тыя ж чатыры разы на тыдзень, то атрымліваецца крыху больш за 200 тысяч беларускіх рублёў. А гэта ўжо даражэй за паходы ў “бюджэтныя” трэнажоркі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі