Маск страціў $148 млрд, але застаўся самым багатым чалавекам на Зямлі

Ілан Маск і Дональд Трамп

Ілан Маск і Дональд Трамп / AP/dpa

Ілан Маск страціў за два месяцы 148 мільярдаў долараў, але ўсё роўна застаўся самым багатым чалавекам на Зямлі. Яго багацце цяпер складае 321 мільярд долараў. Аднак яно імкліва памяншаецца. Галоўная прычына — падзенне акцый Tesla больш чым на 40% пасля інаўгурацыі прэзідэнта Дональда Трампа, піша Bild.

Выданне мяркуе, што, выступаючы ў ролі змагара з бюракратыяй, Маск нанёс сабе і сваёй кампаніі велізарную рэпутацыйную шкоду. Яго крытыкуюць за масавыя звальненні, якія называюць адвольнымі. Традыцыйная кліенцкая база Tesla — ліберальна настроеныя пакупнікі — адварочваюцца ад кампаніі.

У лютым 2025-га Tesla прадала 43650 аўтамабіляў. Гэта на 6% менш, чым годам раней. У Еўропе паведамляюць пра падзенне продажаў на 75%.

Усё гэта турбуе інвестараў. Некаторыя з іх заклікаюць Ілана Маска пакінуць пасаду кіраўніка Tesla, паколькі яго "таксічны вобраз" наносіць ёй шкоду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.