“Спадзяемся, што прэмія Сахарава прымусіць улады вызваліць палітвязняў”
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі з’яўляецца адзіным кандыдатам на атрыманне прэміі Сахарава.
У Еўрапарламенце пачалі збіраць подпісы за вылучэнне Алеся Бяляцкага кандыдатам на прэмію “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава.
“Гэта ідэя належыць Яцэку Сарыюшу-Вольскаму. Ён вылучыў Алеся Бяляцкага намінантам на гэтую прэмію. Мы, безумоўна, з высокім гонарам гэта ўспрымаем і лічым высокай адзнакай дзейнасці спадара Бяляцкага”, — кажа сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч.
Тым часам ініцыятар акцыі, еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі, называе Алеся Бяляцкага фігурай, якая “сімвалізуе адвагу ў барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю”.
Яцэк Сарыюш-Вольскі: “Ён дзейнічае ў найскладанейшым з магчымых кантэкстаў, якім з’яўляецца Беларусь. Выконвае ўсе крытэрыі, якія прад’яўляе ўзнагарода Сахарава. Мне здаецца, што гэта кандыдатура можа атрымаць вельмі шырокую падтрымку”.
Цікава, што за апошнія 8 гадоў беларускія незалежныя дзеячы могуць ужо трэці раз патрапіць у спіс кандыдатур на атрыманне прэміі (у 2004 годзе лаўрэатам прэміі стала БАЖ, а ў 2006 — Аляксандр Мілінкевіч). І гэта выклікае супрацьлеглыя пачуцці.
Яцэк Сарыюш-Вольскі: “Гэта сведчыць, што ў Беларусі вельмі дрэнна з правамі чалавека і дэмакратычнымі стандартамі. З іншага боку, гэта гаворыць пра тое, што ў Беларусі вельмі шмат людзей, якія гатовы вельмі шмат прысвяціць: сваю вольнасць, здароўе — каб змагацца за ўніверсальныя еўрапейскія каштоўнасці”.
Іншы еўрадэпутат, Марэк Мігальскі, да размовы з Еўрарадыё пра вылучэнне кандыдатам на атрыманне прэміі Алеся Сахарава не чуў. Але паабяцаў далучыцца да ініцыятывы Сарыюш-Вольскага, калі таму спатрэбіцца нейкая дапамога.
Марэк Мігальскі: “Я ўпэўнены, што прызначэнне такіх узнагарод дапамагае не толькі тым, хто перамог, але і тым, хто быў толькі намінаваны. І калі б удалося давесці кандыдатуру Алеся Бяляцкага да галоўнага фіналу, то, здаецца, дапамагло б самаму Алесю Бяляцкаму, а таксама ўсім беларускім апазіцыянерам і тым, хто жадае Беларусі вольнасці і дэмакратыі”.
Марэк Мігальскі прыгадвае выпадак Змітра Бандарэнкі, які быў уключаны ў кароткі спіс намінантаў прэміі Сахарава, а праз нейкі час быў памілаваны і вызвалены. Прыкладна пра тое ж кажа і Уладзімір Лабковіч:
“Вельмі спадзяемся, што вылучэнне на Нобелеўскую прэмію і на прэмію Сахарава ўсё ж такі прымусяць беларускія ўлады як хутчэй вызваліць усіх палітвязняў, не толькі спадара Бяляцкага”.
Паводле слоў Яцэка Сарыюша-Вольскага, галоўнай мэтай прэміі з’яўляецца прызнанне поспехаў у барацьбе за правы чалавека. Але разам з тым пераможца атрымоўвае грашовую ўзнагароду ў памеры 50 тысяч еўра.
Каб афіцыйна стаць кандыдатам на атрыманне прэміі Сахарава, беларускі праваабаронца мусіць атрымаць падтрымку як мінімум 40 еўрадэпутатаў. На цяперашні момант Алесь Бяляцкі з’яўляецца адзіным кандыдатам на атрыманне прэміі.