Сярэдні ўзрост выбраных дэпутатаў — 53 гады

Чытайце таксама:

Парламенцкія выбары-2012 у лічбах

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, хто гэтыя 109 выбраных дэпутатаў.

Траціна абраннікаў — чыноўнікі з розных пасадаў у райвыканкамах, аблвыканкамах і сельсаветах.

Дзясятая частка дэпутатаў — лекары з кіруючых пасадаў і столькі ж пенсіянераў.

Самы багаты дэпутат, мяркуючы па агучаных заробках за год, — спартовец Вадзім Дзевятоўскі, за год меў даход у 27 тысяч долараў. Гэта больш, чым 2 тысячы ў месяц.

Меншы за ўсіх гадавы даход у старшыні мінскай Завадской раённай арганізацыі “Белая русь”: Аксана Няхайчык — 3,7 тысяч долараў, ці… 314 баксаў у месяц.

У Палаце прадстаўнікоў будзе адзін настаўнік матэматыкі — Міхаіл Волкаў. Працуе ў віцебскай гімназіі № 8 і мае японскі аўтамабіль “Міцубісі Спейс-Ранэр” 1996 году. Гадавы даход склаў каля 9 тысяч долараў.

Пятая частка дэпутатаў засталася ў парламенце з мінулага склікання. Тут рэкардсмен — Віктар Гумінскі, ён абіраецца ў… чацвёрты раз.

У абноўленым парламенце будуць працаваць 29 жанчын — траціна дэпутатаў.

Самы малады дэпутат — Ілля Мурашка начальнік брыкетнага цэху Торфабрыкетнага завода “Усяж”, яму ўсяго 31 год. А самы сталы — 65-гадовы пенсіянер Мікалай Іванчанка, памочнік прэзідэнта. У парламенце папярэдняга склікання самаму маладому было 30 гадоў. Як на падбор!

Сярэдні ўзрост беларускага парламентарыя пятага склікання — 53 гады. Як падлічыла Еўрарадыё, менавіта такі ж быў сярэдні ўзрост дэпутатаў, выбраных 4 гады таму! Атрымоўваецца, кожныя чатыры гады Палата прадстаўнікоў вяртаецца на 4 гады назад.

Дарэчы, сярэдні ўзрост дэпутата Бундэстага — 49 гадоў, такі ж у дэпутата украінскай Рады.

Фота: belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі