Яшчэ пяцёра ўдзельнікаў плошчы атрымалі па 3 і 3,5 гады калоніі

12 траўня

12 траўня суддзя Маскоўскага раёна Алена Шылько прызначыла пакаранне удзельнікам Плошчы:  Сяргею Казакову, Віталю Мацукевічу, Яўгену Сакрэту, Уладзімеру Лобану - па тры гады калоніі строгага рэжыму, Дзмітрыю Дароніну і Алегу Федаркевічу - па тры з паловай гады.


Пра гэта паведаміў сайт "Вясна".

11 траўня

17.07 Закончыліся апошнія словы падсудных. Прысуд будзе агучаны 12 траўня а 16-й гадзіне.


Казакоў у апошнім слова сказаў: маё жыццё будзе на вашым сумленьні. Просіць літасці і зменшыць тэрмін зняволення.

Мацукевіч: Я прызнаю, што выгукваў фразу "Беларусы, сюды!", але не разумею, што тут крымінальнага! Просіць не пазбаўляць яго волі.

16.54 Абвінавачаныя пачынаюць выступаць з апошнім словам.


Даронін сказаў, што свае дзеянні лічыць хуліганствам, але ён не ўдзельнічаў у масавых беспарадках. 
Лобан папрасіў літасці. Ён сказаў, што супраць гвалту, які спараджае гвалт.


Сакрэт падкрэсліў, што сваімі сведчаннямі спрыяў следству і просіць не пазбаўляць яго волі на доўгі тэрмін. Ён не лічыць, што ўдзельнічаў у масавых беспарадках. Кажа, што дзейнічаў у межах самаабароны.


Федаркевіч пытаецца: як ягоная прамова паўплывае на прысуд? Усе смяюцца, перадае Радыё "Свабода".

16.35 Пракурор не пагаджаецца з абаронай, інфармуе Радыё "Свабода". Ён настойвае, што дзеянні абвінавачаных трапляюць пад артыкул 293 Крымінальнага кодэксу. Пракурор заяўляе пра сукупную адказнасць падсудных — незалежна ад таго, учынялі яны названыя дзеянні альбо не.


16.25 Адвакатка Сакрэта характарызуе падабароннага як добрасумленнага працаўніка. Яна падкрэслівае, што Яўген Сакрэт мае вышэйшую адукацыю, піша вершы і прозу, захапляецца садаводствам. Што ён не разбуральнік і пагромшчык, а стваральнік і творчая асоба. Кажа, што ягоныя дзеянні не ўяўляюць небяспекі для грамадства. Просіць пакараць без пазбаўлення волі.


16.11 Адвакатка Лобана таксама сведчыць, што дзеянні ўдзельнікаў акцыі пратэсту не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца гвалтам і забойствамі. Таксама не было ўзброенага супрацьдзеяньня прадстаўнікам улады, бо зброі там не было, перадае Радыё "Свабода".


Адвакатка таксама падкрэслівае, што Лобан вырас у шматдзетнай сям’і, старэйшы сярод дзяцей, мае вышэйшую адукацыю і з'яўляецца кармільцам сям’і. Што ён добрасумленны працаўнік і годны чалавек. Просіць яго апраўдаць.


15.58 Выступае адвакатка Мацукевіча. Яна абвяргае ўсе выстаўленыя яе падабароннаму абвінавачанні. Кажа, што няма артыкулу, паводле якога можна караць за заклік «Беларусы, сюды!» — тое, што крычаў падабаронны Мацукевіч. Просіць, каб яму быў вынесены апраўдальны прысуд.

15.32 Выступаюць адвакаты, перадае Радыё "Свабода".


Адкаватка Сяргея Казакова заяўляе, што кваліфікаваць дзеянні падсудных як наўмыснае аб’яднанне ў "адзіную разбуральную сілу", як гэта кваліфікаваў пракурор Мельнік, — нельга. Бо ў гэтым выпадку матэрыяльная шкода, учыненая будынку Дому ўраду, была б значна большай, чым названыя 14 мільёнаў 480 тысяч рублёў. Адвакатка таксама заяўляе, што ў паводзінах Сяргея Казакова адсутнічаюць дзеянні, якія можна кваліфікаваць паводле артыкулу 293. Просіць апраўдаць.


Адвакат Федаркевіча пацвярджае, што падзеі на плошчы Незалежнасці не з'яўляюцца масавымі беспарадкамі. Ён падтрымлівае калегу, адвакатку Сяргея Казакова, што існуюць некалькі пратаколаў агляду плошчы пасля падзеяў, якія істотна розняцца адзін ад другога. Пратаколы агляду супярэчлівыя, заяўляе адвакат. Адвакат просіць апраўдаць свайго падабароннага.


Пачынае выступаць адвакатка Дзмітрыя Дароніна. Яна заяўляе, што яе падабаронны ніякая шкоды не ўчыніў. Адвакатка таксама абвяргае цверджанне абвінавачання, што Даронін удзельнічаў у масавых беспарадках, бо такіх беспарадкаў не было. Адвакатка таксама заяўляе, што відэаматэрыялы не пацвярджаюць абвінавачанне, што Даронін збіваў супрацоўнікаў міліцыі.

15.00 Пракурор просіць суд прысудзіць удзельнікаў падзей 19 снежня Уладзіміра Лобача і Андрэя Федаркевіча да 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі строга рэжыму, Дзмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Яўгена Сакрэта і Віталя Мацукевіча — да чатырох гадоў, паведамляе БелаПАН.


Пракурор Мельнік адзначыў, што падсудныя арганізавана ўдзельнічалі ў масавых беспарадках, іх дзеянні былі накіраваныя на прычыненне матэрыяльнай і фізічнай шкоды. Ён таксама заявіў, што Даронін і Мацукевіч былі нецвярозыя, што абцяжарвае іх віну. 

11.44 Суддзя перапытвае Федаркевіча, ці па-ранейшаму ён адмаўляе ўдзел у масавых непарадках і прызнае, што вымаў шкло з дзвярэй і біў на загародках.


11.40 Казакоў таксама назваў свае дзеянні хуліганскімі. Гэткім чынам, ён часткова прызнае віну. Кажа, што ў масавых беспарадках не ўдзельнічаў, інфармуе Радыё "Свабода".


11.30 Пракурор звяртаецца да Сакрэта: вы прызналі свае дзеянні супрацьпраўнымі, ці падтрымліваеце сваю пазіцыю? Сакрэт кажа "Так", але не прызнае, што біў шыбы і спрабаваў трапіць у Дом ураду. Суддзя дамагаецца ад Сакрэта, як ён ацэньвае свае дзеянні. Сакрэт называе іх хуліганскімі.

11.20 Відэапрагляд завершаны. На кадрах паказалі Сакрэта з цвікадзёрам, дэманстранты скандуюць"Міліцыя з народам!", акрываўлены Аляксандр Класкоўскі.


Пачынае выступаць абвінаваўца Мельнік, паведамляе Радыё "Свабода".

10.50 У судзе ідзе прагляд відэаздымак 19 снежня. Як паведамляе Радыё "Свабода", відэа "парэзанае" на фрагмэнты. У кожным з іх фігуруюць пэўныя асобы альбо групы людзей. У прыватнасці, відаць траіх абвінавачаных.


Працягваецца прагляд відэа: прамовы кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, кадры, як ламалі дзверы.


На відэакадрах: працягваюць біць шкло. Акрамя Федаркевіча суддзя больш не паказвае нікога на відэа. Федаркевіч на відэа, буйным планам, вымае шыбы з дзвярэй Дому ўраду. Суддзя пасміхаецца, перапытвае ў яго: ці пазнае сябе? Федаркевіч не адмаўляецца, але кажа, што дзверы не разбіваў.

10 траўня

18.00 У працэсе аб'яўлены перапынак да 10.00 11 траўня

17.00 Скончаны допыт сведкаў - міліцыянтаў Макасіна, Новіка, Шчура, Нікіфарэнкі. Яны распавялі, што стаялі ў ахове Дома ўраду. Яны расказваюць, як мітынгоўца ламіліся ў Дом ураду і білі ахоўнікаў парадку.


Пасля гэтага суддзя глядзіць матэрыялы справы, адзначае Радыё "Свабода".

16.30 У судзе выступаюць сведкі. Яны кажуць, што Даронін у кампаніі з сябрамі перад паходам на Плошчу выпіў пляшку гарэлкі на чатырох чалавек.

12.45 Наступнай сведкай выклікалі Марыю Вайнову. Яна пазнала Мацукевіча і засведчыла, што той заклікаў людзей "Беларусы, сюды!"'. Кажа, што бачыла, як Мацукевіч ударыў па дзвярах нагой, інфармуе Радыё "Свабода".

12.04 Як сведка выступіла Крысціна Шацікава. Абвінаваўца Мельнік і суддзя дамагаюцца ад Крысьціны, каб яна назвала прозвішчы тых, з кім яна была на плошчы. Пасля настойванняў з боку суддзі Шацікава назвала толькі прозвішча сяброўкі, з якой прыехала з Магілёва.


Сведка кажа, што бачыла чалавека, які першым ударыў па дзвярах і гэтага чалавека сярод абвінавачаных у зале суда няма. Яна сведчыць, што памятае Мацукевіча і ягоны заклік. Шацікава заяўляе, што Мацукевіч дзвярэй не біў. На пытанні адвакатаў Шацікава сведчыць, што на заклікі Мацукевіча "Беларусы, сюды"! людзі рэагавалі так, што ён хоча ўчыніць правакацыю.


Да Шацікавай сведкам выступаў Алесь Квіткевіч. У залу суда яго прывялі пад аховай, але без кайданкоў. Квіткевіч кажа, што на заклік Статкевіча пайшоў да Дому ўраду. Таксама бачыў чалавека, які заклікаў людзей пайсці таксама да Дому ўраду. Той чалавек заклікаў "Беларусы, сюды". Квіткевіч кажа, што адгукнуўся на гэты заклік і стаў таксама біць дзверы. На гэты заклік адгукваліся іншыя людзі.


Мацукевіч не адмаўляецца ад свайго закліку "Беларусы, сюды!", але заяўляе, што не заклікаў нікога біць і граміць.

10.25 Суддзя Алена Шылько паведаміла, што ў трэці дзень пройдзе прагляд матэрыялаў і допыт сведкаў. 
З матэрыялаў справы суддзя зачытвае характарыстыкі абвінавачаных з месца працы і месца жыхарства. Характарыстыкі станоўчыя – падсудных характарызуюць як добрых працаўнікоў, якія не маюць заўваг ад суседзяў па месцы жыхарства, інфармуе Радыё "Свабода".


У характарыстыках абвінавачаных гаворыцца: тактоўныя, камунікабельныя, працу выконваюць добрасумленна.

6 траўня

17:05 Разгляд матэрыялаў скончаны – перапынак у судзе да 10 гадзінаў раніцы 10 траўня.

16:25 У судзе заслухалі паказанні пацярпелых. Суддзя са згоды пацярпелых распачынае разгляд матэрыялаў справы, перадае Радыё "Свабоды".

Зачытваецца пратакол агляду плошчы пасля падзеі і называе знойдзеныя прадметы: сякера, сцяг "За Някляева", каністры, шапкі, мабільныя тэлефоны, пакеты з пляшкамі.

11:40 Дапытваюць пацярпелых спецназаўцаў. Аляксандр Волкаў не можа адказаць, што было на плошчы пасля "зачысткі", нікога з абвінавачаных не прызнаў. Не бачыў як супрацоўнікам міліцыі наносіліся ўдары, толькі памятае, як білі яго самога.

Ігар Зінкевіч кажа, што разы два трапіў па людзях дубінкай, калі адбіваўся. Тлумачыць, што нічога не памятае, бо канцэнтраваў увагу толькі на трох чалавеках, якія яго збівалі. Але на пытанне адвакатаў, ці пазнаў бы - сказаў, што не. На пытаньне суддзі, ці маглі людзі сысці з плошчы, калі хацелі - сказаў што так: "Мяне акацілі вогнетушыцелем - я і пайшоў". Гэта выклікала смех у прысутных.


Спецназаўцы Аляксей Сакач і Дзяніс Гушча, як перадае Радыё "Свабода", адказваюць блытана пра тое, што выгуквалі мітынгоўцы. 

10:25 Ідзе допыт пацярпелых міліцыянтаў і спецназаўцаў.


Скараход (супрацоўнік міліцыі, які ўжо сведчыў на трох працэсах над удзельнікамі Плошчы) кажа, што мітынгоўцы спрабавалі прарваць ланцуг перад Домам ураду з дапамогай палак і металічных прутоў. Сарвалі з яго каску і білі ўжо рукамі па галаве. Але ён ўстаў і вярнуўся ў шыхт. Пасля яго накіравалі ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, перадае Радыё "Свабода".


Спецназавец Сяргей Лушчык заявіў, што падымаў спецназаўцаў, якія падалі на прыступках Дому ўраду, бо іх збівалі. Яго асабіста таксама хтосьці ўдарыў драўлянай палкай па галаве, а затым цяжкім прадметам ззаду. Тым ня менш, ён устаў і працягваў дапамагаць папярэджваць супрацьпраўныя дзеяньні натоўпу. Кажа, што па іх білі палкамі, вудамі, у іх ляцелі пляшкі.

5 траўня

15.50 У працэсе абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў 6 траўня.


Прайшлі допыты Яўгена Сакрэта, Уладзіміра Лобана, Мацукевіча, Федаркевіча, Дароніна і Казакова. Абвінавачаныя кажуць, што не было непарадкаў, а прайшла акцыя мірных грамадзянаў.

Цалкам не прызнае абвінавачанне Даронін. Астатнія часткова прызнаюць, адзначае Радыё "Свабода".


12.36 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачанне пра ўзброены супраціў, нанесеную шкоду Дому ўраду і міліцыянтам, інфармуе Радыё "Свабода". Суддзя заявіла пра 29 пацярпелых. Тры ўжо на месцы, астатнія абяцалі падыйсці.

Фота: ipk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі