У Мінску прайшлі суды за акцыю "Стоп бензін"
Дзмітрыя Кавалгіна і Паўла Груздзіловіча аштрафавалі на 700 тысяч рублёў, Алесю Макась і Аляксандра Рэдзькіна — на 525 тысяч. АБНАЎЛЯЕЦЦА
14.20. Аляксандр Рэдзькін аштрафаваны на 525 тысяч рублёў.
13.10. Абвешчаны перапынак, пасля якога суды працягнуцца. Мяркуецца, што ўсіх асуджаных сёння адпусцяць на волю не ў будынку суда, а на Акрэсціна, дзе засталіся іх рэчы.
13.05. Павел Груздзіловіч атрымаў штраф у памеры 700 тысяч рублёў.
12.50. Паўла Груздзіловіча судзяць у зале, дзе ён калісьці адзначаў выпускны (там была актавая зала коласаўскага ліцэя, да яго высялення). Зачытваюць пратакол, абсалютна ідэнтычны папярэдняму.
Міліцыянт кажа, што Груздзіловіч быў на мосце праз Свіслач і трымаў плакат. Сам Груздзіловіч кажа, што нічога не трымаў і стаяў увогуле каля цырка.
12.40. Алесі Макась прысудзілі штраф у памеры 525 тысяч рублёў.
12.30. Стала вядома, што ў Цэнтральным судзе сталіцы пройдзе яшчэ чатыры суды. Суддзя Хадановіч будзе судзіць Алесю Макась. Суддзя Есьман разгледзіць справы Паўла Груздзіловіча і Аляксандра Рэдзькіна.
12.25. Суддзя Ясіновіч асудзіў Дзмітрыя Кавалгіна на 700 тысяч рублёў.
12.15. Прыйшоў сведка-міліцыянт, 1981 года нараджэння. Гаворыць, што высунуліся яны "на месца правядзення несанкцыянаванага пікета і затрымалі групу маладых людзей, якія ў ім удзельнічалі". Міліцыянт кажа, што ў затрыманых у руках былі аркушы паперы фармата А4 з выявай бензакалонкі і яны "крычалі "ганьба!"
Іншы міліцыянт Раман Шульгінскі, які непасрэдна затрымліваў Дзмітрыя Кавалгіна, таксама сказаў, што бачыў у яго руках улётку. Паводле прапановы суддзі, міліцыянт пашукаў у зале Кавалгіна і сказаў, што яго там няма, хаця ён там быў. Шульгінскі кажа, што "было шмат людзей і не запомніў твар Кавалгіна", а прозвішча запомніў, калі складаў пратакол.
12.08. У судзе знаходзіцца Аляксандр Рэдзькін, які чакае суда. Яго вартуюць двое ў цывільным. Рэдзькін кажа, што быў затрыманы пасля таго, як на яго паказаў падпалкоўнік Яўсееў. А ён з жонкай проста стаялі і глядзелі на акцыю.
Затрыманыя ноч правялі ў турме на Акрэсціна.
11.55. У судзе аб'явілі перапынак — чакаюць сведку-міліцыянта, які праводзіў затрыманне.
11.45. Кавалгіна абвінавачваюць у тым, што ён пікетаваў з аркушом паперы з сімвалам кампаніі "Стоп-бензін". Ён кажа, што падпісаў пратакол для таго, каб яму далі магчымасць пагаварыць са сваякамі. Сведка з яго боку паказаў, што ў руках Кавалгіна ўлётак не было.
11.40 У суд завялі Дзмітрыя Кавалгіна, 1987 года нараджэння, які крычаў учора "ганьба", калі міліцыянты затрымлівалі Алесю Макась (яе таксама будуць судзіць). За гэта затрымалі і яго.
Як перадае журналіст Еўрарадыё, работнікі суда хацелі правесці ўсе працэсы без удзелу прэсы і сваякоў. Аднак гэтаму рашуча запярэчыў журналіст Радыё "Свабода" Алег Груздзіловіч. Работнікі суда былі вымушаныя адвесці пад працэс над удзельнікамі акцыі "Стоп-бензін" залу.
11.25 Суды над удзельнікамі акцыі не пачаліся. Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн, у судзе былі вывешаныя спісы з імёнамі затрыманых і нумарамі кабінетаў. Але праз нейкі час спісы проста зніклі.
Журналісты і сваякі затрыманых удзельнікаў акцыі не ведаюць, ці адбудуцца запланаваныя працэсы.
11.05 Стала вядомае імя яшчэ аднаго затрыманага. Як перадае Радыё Свабода, гэта Аляксандар Рэдзькін. Яго жонка Яўгенія распавяла ў судзе, што 7 чэрвеня яны назіралі за акцыяй “Стоп-бензін” у раёне маста праз Свіслач. Яны бачылі, як спецназ міліцыі затрымліваў дзяўчыну. Пазней камандзір спецназаўцаў загадаў затрымаць таксама і Аляксандра.
10.50 Як паведаміла Радыё Свабода, у суд даставілі пяць удзельнікаў акцыі. У іх ліку адна дзяўчына.
9.45 Разгляд справы ўдзельнікаў акцыі пратэсту аўтамабілістаў будзе адбывацца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Пра гэта праз СМС паведаміў адзін з затрыманых Павал Груздзіловіч. Ён, праўда, не ўдакладніў, колькасьць затрыманых, паведамляе Радыё Свабода.
Паўла Груздзіловіча затрымалі 7 чэрвеня. Ноч ён правёў у труме на вуліцы Акрэсціна.
Таксама, на дадзены момант, вядома, што ў час учорашняй акцыі была затрымана дзяўчына з плакатам "Стоп-Бензін" і актывіст АГП Зміцер Кавалгін.
Фота: daylife.com