Супрацоўнікі “украінскай зоны” атрымоўваюць удвая больш за беларускіх калег
Але ўсё адно лічаць, што ў Беларусі жыць лепш.
Еўрарадыё даведалася, што супрацоўнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка атрымоўваюць менш за 3 мільёны рублёў.
“Цяжкавата, канешне. Але можна лічыць, што я працую ў сваёй хаце. Езджу ў сваю вёску. Трэба недзе працаваць, што зробіш. Як кажуць, дзе нарадзіўся, дзе закапаны пуп, там і працую”, — распавядае Еўрарадыё інспектар сектара аховы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Валерый Кулакоўскі.
Зараз Валерыю Кулакоўскаму 45 гадоў, 24 з іх ён будуе кар’еру ў запаведніку. Спачатку быў лясніком, пасля кіроўцам першага дырэктара, потым 10 гадоў егерам. І вось цяпер 10 гадоў працуе інспектарам па ахове.
На здароўе Валерый Кулакоўскі асабліва не скардзіцца. Хаця прызнаецца: калі б прапанавалі, то не адмовіўся б ад лячэння.
Валерый Кулакоўскі: “Калі б прапанавалі, мог бы і паляжаць у шпіталі. Некалі выклікалі ў Бараўляны, там нас абследавалі. А зараз толькі праходзім камісію. Прайшоў камісію — працуеш, не прайшоў — не працуеш. Калі не дазваляе здароўе, то нельга”.
Не турбуюць праблемы са здароўем і палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Аляксея Маскаленку, які працуе ў адміністрацыі ўкраінскай зоны адчужэння і абавязковага высялення.
Аляксей Маскаленка: “Я крыху аптыміст: чым менш звяртаешся да лекараў, тым лягчэй жыць. У нас ёсць спецыяльны Чарнобыльскі цэнтр. Не ведаю, у вас (у Беларусі. — заўвага Еўрарадыё) можа і лягчэй лячыцца. Канешне, для сур’ёзных аперацый патрэбныя вялікія грошы. У нас ёсць, пэўна як і ў вас, спецыяльны фонд, які выдзяляе грошы на лекі”.
Паводле слоў Аляксея Маскаленкі, супрацоўнікі “ўкраінскай зоны” ў сярэднім атрымоўваюць каля 600 долараў. Гэта амаль у 2 разы больш, чым плацяць у Палесскім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Супрацоўнікі якога, нават нягледзячы на розніцу ў заробках, лічаць жыццё ў Беларусі… больш прывабным.
Аляксей Маскаленка:“У мяне пенсія 650 долараў. І заробак тут амаль такі ж. Ёсць і ў Беларусі сябры. Па водгуках калегаў з Беларусі, яны лепш жывуць, чым мы тут”.
Раней Еўрарадыё паведамляла пра скасаванне бясплатнага праезду і медыкаментаў для беларускіх ліквідатараў. Зараз у беларускіх “чарнобыльцаў” засталася стоадсоткавая выплата бальнічнага, выкарыстанне адпачынку ў зручны час, пакіданне на працы пры скарачэнні, першачарговае ўступленне ў гаражныя кааператывы і першачарговае права на размеркаванне ў дамы састарэлых.
У той час як ва Украіне ці ў Расіі пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС па-ранейшаму маюць ільготы на лекі, бясплатны праезд і лячэнне.
Фота: kotofot.ru