Сведкі па справе анархістаў адмаўляюцца ад паказанняў на следстве
Яны кажуць, што следчыя білі і прымушалі даваць паказанні супраць падсудных.
Працэс над Максімам Веткіным, Яўгенам Селівончыкам, Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам ідзе ў судзе Заводскага раёна Мінску. Іх вінавацяць у падпале шэрагу адміністрацыйных будынкаў у сталіцы, у тым ліку ў закідванні "кактэйлем Молатава" расійскай амбасады ў Мінску. Хлопцам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Як інфармуе БелаПАН, сведка Ксенія Каўко адмовілася ад паказанняў, быццам на антываеннай акцыі каля Генштаба слоік з фарбай ёй перадаў Дзядок. Ксенія растлумачыла, што ў КДБ яе дапытвалі 8 гадзін і пагражалі праблемамі з мамай, таму яна падпісала пратакол. Каўко пацвердзіла, што Мікалая Дзядка яна на акцыі не бачыла і інструктаж ён не праводзіў.
Сведка Ігар Багачак быў на акцыі ў Генштаба, аднак абвінавачваных там не бачыў. Ён таксама заявіў, што падчас следства на допыты выклікалі яго бацькоў і дапытвалі разам з ім. Акрамя таго, следчы спрабаваў выбіць сведчанні супраць Дзядка і пагражаў Богачаку згвалтаваннем у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, аднак ён на пагрозы не паддаўся. Са скаргамі на следства Багачак нікуды не звяртаўся, бо лічыць, што ў Беларусі няма механізму абароны ад міліцыянтаў.
Сведка Аляксандр Бугаёў заявіў, што 7 верасня яго затрымалі і прывезлі ў міліцыю Ленінскага раёна. Там яго прымушалі прызнацца ў падпалах. Сцвярджае, што следчы яго збіў, прымушаючы прызнацца. Хлопец правёў у ізалятары часавага ўтрымання дзевяць сутак.