Сямёра брэсцкіх “рэвалюцыянераў” вымушана галадалі амаль суткі
Міліцыянты не давалі ім паесці. Таксама не дазволілі перадаць ім мінеральную ваду. Затрыманым давялося піць у міліцэйскай прыбіральні.
Пра гэта паведаміў адзін з затрыманых, Аляксандр Горан:
“Было ўсё не па закону. Спачатку нармальна было, нам далі паспаць у сутарэнні аддзялення міліцыі. Але мы знаходзіліся там з сёмай вечара, заначавалі, зранку нас вывелі, — і не дазволілі, каб нам перадалі ежы родныя, і не кармілі нас. З сёмай вечара і да дзясятай ранку мы нічога не паелі. Толькі каля трэцяй дня дазволілі бацькам перадаць нам ежу і папіць”, — распавёў ён Еўрарадыё.
Вада ў міліцэйскай прыбіральні была кепскай і некаторыя з затрыманых потым мелі праблемы са страваваннем, сказаў Аляксандр Горан.
Начавалі ў пастарунку шасцёра хлопцаў і адна дзяўчына. Некаторыя з іх маюць намер скардзіцца на катаванні.
Самога Аляксандра Горана будуць судзіць. Разгляд яго справы перанесены на 7 ліпеня ў сувязі з блытанымі паказаннямі сведкаў-міліцыянтаў.