Сяргей Вазняк: Знойдуцца людзі, якія працягнуць "Гавары праўду!"
Нягледзячы на адмову Мінюста, актывісты кампаніі "Гавары праўду!" не пакінуць спробаў яе зарэгістраваць.
Мінюст адмовіўся рэгістраваць грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду!", спаслаўшыся на адсутнасць арыгіналаў некаторых дакументаў. Між тым, дакументы гэтыя пасля снежаньскага ператрусу ў офісе кампаніі знаходзяцца ў распараджэнні спецслужбаў. Пра што Мінюсту выдатна вядома.
У распараджэнні спецслужбаў — пад хатнім арыштам — знаходзіцца сёння і лідэр "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў. З яго поўным вызваленнем і звязваюцца далейшыя перспектывы кампаніі.
Як сказаў Радыё "Свабода" адзін з арганізатараў "Гавары праўду!" Сяргей Вазняк, трэба дачакацца Някляева, які планаваў працягваць кампанію і пасля выбараў. "Думаю, цяпер самае важнае — каб усе людзі выйшлі на свабоду. Я ўпэўнены, што знойдуцца людзі, якія захочуць працягваць гэтую працу".