Цепласеткі: “Гарачая вада ў трубах астывае... два дні”
А прарыў ліквідуюць таксама за два дні. Навошта гарачую ваду адключаць менавіта на два тыдні?
З 10 траўня адключылі гарачую ваду ў раёне Мінска, вядомым як "Розачка". Еўрарадыё накіравалася туды, каб паглядзець, ці можна ўбачыць тую працу, і патрапіла... на першы прарыў трубы.
"На 2 тыдні адключылі. Перыядычна адключаюць, каб рамантаваць. А дзе яны, што рамантуюць — не ведаем. Трэба ў домакіраўніцтва зайсці", — расчароўваюць бабулі, якія сядзяць на лавачцы ў двары дома на Волаха.
На ўваходзе ў ЖЭУ сустракаю дырэктара. Ён акурат толькі даведаўся пра першую аварыю. Таму бяжым хутчэй па названым адрасе.
"Цеплавыя сеткі праводзілі апрасоўку (выпрабаванні на трываласць трубаправода). Прарвала трубу, затапіла камеру, з камеры пайшла вада ў падвал", — распавядае супрацоўнік аварыйнай, якая акурат адпампоўвае ваду з падвала аднаго дамоў на вуліцы Каржа.
Карціна тут — як пад час залевы, толькі сонца свеціць. Вады налілося шмат. Праз двары цячэ цэлая рака, каб прайсці да пад'ездаў, трэба добра паскакаць, не замачыць ногі не атрымоўваецца. Жанчына з дзіцём абураецца: "Гэта вашы праблемы, што вам ваду трэба адпампоўваць".
Як праводзяць выпрабаванні цеплатрасы, Еўрарадыё тлумачаць у Мінскіх цеплавых сетках: каля двух дзён вада ў трубах астывае, потым пачынаюць павышаць ціск, там, дзе прарывае, рамантуюць.
"Учора дзень быў затрачаны на расхалоджванне сетак. Мы пачынаем праводзіць выпрабаванне, калі тэмпература ніжэй за 40 градусаў", — тлумачыць галоўны інжынер прадпрыемства "Мінскія цеплавыя сеткі" Аляксандр Драгун.
Выпрабаванні праводзяць на ўсіх вуліцах, дзе адключылі ваду, па чарзе. Па чарзе потым і рамантуюць. Але ж адключаюць адразу раён, па прыналежнасці да ЦЭЦ. Пры гэтым прызнаюцца, што ў гэтым месцы сталіцы прарывы здараюцца не часта.
"Тут на раёне рэдка. Трубы добрыя. Там, дзе добрыя трубы, там не здараецца, а дзе дрэнныя, такія разрывы і бываюць".
Але пасля разрыву трубы не заўсёды мяняюць на новыя. Толькі калі немагчыма аднавіць, а звычайна латаюць дзіркі. Гэта пры тым, што мінскім трубам — 30 гадоў!
"Знаходзяць паломку, раскопваюць, калі пад зямлёй, і заварваюць. Ці калі трубу нельга аднавіць, яе мяняюць — выражуць і паставяць новую. Канкрэтна гэта зробіцца максімум за два (!) дні".
Незразумела, чаму трубы, якія прарываюць, не мяняюць, а заварваюць. Дзіўна і тое, што замяніць трубу — справа двух дзён, а ваду адключаюць на два тыдні.
"Часам жа ваду даюць раней чым праз два тыдні", — супакойваюць Еўрарадыё.
А начальнік аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама Анатоль Лаўнічук запэўнівае Еўрарадыё, што адключаць гарачую ваду будуць яшчэ як мінімум 10 гадоў.
А потым яшчэ давядзецца рамантаваць дарогі :)