Столін на 11 дзён застанецца без гарачай вады
Кран з гарачай вадой
Жыхароў Століна папярэдзілі, што 11 дзён — з 17 па 28 ліпеня — яны будуць жыць без гарачай вады. Так, камунальнікі плануюць адключыць ад гарачага водазабеспячэння цэлы горад.
У распараджэнні за подпісам першага намесніка старшыні Столінскага райвыканкама — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіля Літвінкевіча ўказаная стандартная прычына адключэння — "правядзенне прафілактычных рамонтаў і гідраўлічных выпрабаванняў трубаправодаў цеплавой сеткі".
Улетку гарачую ваду — "для прафілактыкі" — адключаюць практычна ва ўсіх населеных пунктах Беларусі, дзе ёсць яе цэнтралізаваная падача. Звычайна гэты перыяд доўжыцца два тыдні — і стварае нязручнасці жыхарам. Каб памыцца, ваду даводзіцца награваць у рондалях. Або ўсталёўваць бойлеры.
У заходніх краінах, якія мяжуюць з Беларуссю, такой "традыцыі" няма — гарачая вада цячэ з кранаў увесь год, без перапынкаў на летнюю "прафілактыку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.