Ці мае права беларус бараніцца ад нападу невядомых "гопнікаў"

Еўрарадыё: Што за запыт на старонцы МУС пакінуў рух “За свабоду”?
Губарэвіч: “Мы даслалі запыт адносна таго, якія правы маюць грамадзяне, калі на іх пасярод белага дня нападаюць асобы ў цывільнай вопратцы і цягнуць іх у машыны без апазнавальных знакаў. Такія дзеянні можна расцэньваць як бандыцкі напад. Вось мы і пытаемся ў кампетэнтных органаў, ці маюць грамадзяне Беларусі права на самаабарону ў гэтай сітуацыі? Тыя сітуацыі, якія апошнім часам адбываюцца ў Беларусі, вельмі нагадваюць бандыцкія напады, таму такія пытанні вельмі актуальныя”.
Еўрарадыё: Як вы мяркуеце, ці прыме МУС гэты запыт ад руху “За свабоду” праз сваю старонку?
Губарэвіч: “На старонцы ёсць пазнака, што гэта неафійцыйны канал і што ён не падлягае пад дзеянне закона “Аб зваротах грамадзян”. Таму мы прадублявалі наш запыт у пісьмовай форме. Аднак адказ на яго можна чакаць цягам месяца”.
Еўрарадыё: Якім чынам вы адправілі пісьмовы зварот?
Губарэвіч: “Заказной поштай. Мяркую, што ўжо праз дзень гэты ліст будзе ляжаць на стале у адпаведных чыноўнікаў МУС”.
Еўрарадыё: На які адказ вы спадзяецеся?
Губарэвіч: “Любы адказ будзе для нас цікавым. Аднак мы не толькі хочам атрымаць адказ, але і дамагчыся пэўных зменаў. Калі такія напады на грамадзян здзяйсняюць супрацоўнікі міліцыі, каб гэта не было ў такой форме. Калі яны хочуць затрымаць грамадзяніна і лічуць, што маюць на гэта падставы, яны павінны дзейнічаць у адпаведнасці з законам, а не рабіць гэта па-бандыцку”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі