Цяпер фэсты завуцца не “Можна”, а “Трэба”
I NEED festival прайшоў у Мінску. Назіраць за ім мусіў сам Міхалок, але з-за гастроляў не прыехаў. Таму фэст аказаўся без “дагляду”, і там нават біліся.
Што ж за фэст такі I NEED festival, які скончыўся толькі ў панядзелак 23 траўня а 5 раніцы?
Першае слова мы даем агранізатару Пашу Някрасаву, каб усё патлумачыў: “Перш за ўсё мы хацелі зрабіць вечарынку, першую такога кшталту, на якую сабраліся б усе людзі, і мы б ім паказалі ўсе выдатныя гурты, якія ў нас ёсць”, – сказаў Еўрарадыё Паша (дарэчы, у першым у сваім жыцці інтэрв’ю!).
У катэгорыю выдатных гуртоў трапілі: The Toobes, Петля Пристрастия, The Fantastiques, The Blackmail, яшчэ з дзесятак маладых гуртоў і нават госць з Кіеву з галасістай вакалісткай – гурт The Space Cakes.
Арганізатар Паша: “Я лічу, што гэта лепшыя гурты з нашага мэйнстрыму. А каго яшчэ запрашаць? Я, канешне, хацеў, каб сюды прыйшлі Ляпісы, я іх запрасіў і нават зарэзерваваў ім столік, але аказалася, што ў іх 22-га канцэрт у Смаленску. Але прыемна, што Міхалок нават думаў, ці не адмяніць яму канцэрт, каб прыехаць усё ж сюды і падтрымаць нас”.
Затое публіка прыйшла, нягледзячы на беларускі крызіс-апакаліпсіс, ад якога зараз не схаваешся ні ў клубах, ні ў лесе.
Наведвальнік Вадзім: “Я прыйшоў на The Toobes! А астатнія гурты зусім не ведаю. Вось, будзе мне азнаямляльная вечарына”.
Азнаямляліся людзі, праўда, у асноўным на вуліцы. Цяжка было загнаць сябе ў цёмны клуб, дзе нельга паліць і не прадаюць піва.
Нават Еўрарадыё надоўга трапіла ў клуб толькі пад акорды “Петли Пристрастия” – хэдлайнера, якога ледзь не да апошняга дня трымалі ў сакрэце. Але выступ не спадабаўся – лідару-вакалісту Іллі.
Ілля з “Петли Пристрастия”: "Вельмі кепскі гук! Але не хачу вінаваціць у гэтым арганізатаў, бо яны і так людзі няшчасныя. Я веру, што яны гэта не са зла, а таму што сродкаў не хапіла. Ну а пачынанне добрае. Мне падабаецца!”
Пасля былі The Toobes, і зала імгненна запоўнілася людзьмі. Гук на іх, здаецца, выправіўся, хлопцы пакалашмацілі свае гітары і бубны, а на хіце “Мадонна” запалілі народ на акуратненькі стрэйдждайвінг.
Пасля "Тубсаў" залу як вычысціла, і на The Blackmail засталося ўжо нашмат менш людзей, але якасць іх адрывання не зменшылася, а, можа, і павялічылася.
А вось на гасцей з Кіеву The Space Cakes народ прыйшлося зазываць: “Эй, галёрка! Ушануеце сваёй прысутнасцю кіяўлян! Ну што гэта такое, ё-маё? Хопіць паліць, напаліцеся яшчэ за ўсё лета!” – вяшчалі арганізатары.
Тут Еўрарадыё адзначыла цікавую асаблівасць беларускага грамадства. Аказваецца, калі ё чалавек, які выразна скажа, што рабіць – усе паслухмяна гэта зробяць. Сапраўды, ўсе, як па загадзе, кінулі піва і цыгарэты і пайшлі ў клуб глядзець на кіеўскі бэнд!
The Space Cakes аказаліся жвавым рок-бэндам з моцным жаночым вакалам.
Арганізатар Паша: “Я адпачываў гэтай вясной у Львове. І выпадкова мяне запрасілі на трып-хоп вечарыну. Але там аказаўся зусім не трып-хоп, а класны рок-н-рол. Там я і пабачыў The Space Cakes, і прапанаваў ім выступіць у Мінску – яны былі ў захапленні ад маёй прапановы”.
Падборка артыстаў увогуле шмат каму спадабалася, нават “экспертам”.
Макс Старцаў, былы арт-дырэктар былога “Рэактару”: “У гэтым горадзе добра ўсё, што забаўляе людзей. Бо ўсе ўжо вераць у канец Беларусі, у такі маленькі канец свету. А Паша – вялікі малайчына, што сабраў столькі вартых увагі крутых гуртоў першай і другой хвалі беларускай музыкі”.
У планах – не спыняцца і павялічваць фармат: “У будучым, мачыма, мы зможам зрабіць вялікі опэн-эйр. Бо фэст “I need” («Нам патрэбна») – гэта спроба зразумець, ці патрэбны нам вялікі фестываль, – сказаў Еўрарадыё Паша і дадаў – Аказалася, што фестываль патрэбны, але не ў нядзелю. У нядзелю ён спатрэбіўся толькі 700 чалавекам”.
Чаму фэст прайшоў у нядзелю – цалкам зразумела. Звычайна уладальнікі супер-клубаў ахвяруюць самы нязручны час маладым прамоўтарам, каб тыя ладзілі фэсты-шмэсты-што захочуць. Лаяльны да такіх фэстаў “Рэактар” ужо закрыўся, і таму мы паймелі тое, што паймелі - клуб “Былы-Бронкс-Цяпер-Брадвей” з неверагодна хамскай аховай, неверагодна дрэнным гукам і святлом, ды яшчэ і без піва, каб усе гэтыя хібы былі не такімі заўважнымі.
Пра ахову - асобная гісторыя, пацярпеў нават сам арганізатар! Яму даў у вуха сек’юрыці за тое, што той паспрабаваў выратаваць сябра, якога чацвёра ахоўнікаў білі ў туалеце за нелегальную спробу правесці дзяўчыну праз вакно!
Арганізатар Паша: “Я думаў, што гэта адбываецца недзе на вуліцы, выскачыў у вакно, заскочыў назад у клуб, мяне пабачыў ахоўнік, я запытаў у яго: “Дзе тут б’юць чалавека? Я арганізатар фестывалю!", але атрымаў за гэта кулаком у твар”.
Вось так “правучылі” маладога арганізатара багатыя досведам дзядзькі, каб наступны раз ён думаў, перш чым пісаць лозунгі: “Ніякай палітыкі, гвалту і непрыязні. Толькі мір, музыка і любоў!”
Фота: Цімафей Скібенка
Больш фота з фэсту глядзіце на Фэйсбуку Еўрарадыё.