У Амерыку Лябедзька ездзіў з пасланнем ад дэмакратычнай кааліцыі

Анатоль Лябедзька: Я задаволены вынікам сваёй паездкі. Ехаў я туды з пасланнем, пад якім падпісана і АГП, і больш шырокая дэмакратычная кааліцыя. Галоўнае было данесці наш мэседж па некалькіх пунктах. Першае, што зараз актуальным з’яўляецца пытанне аб вызваленні і рэабілітацыі палітвязняў, другое — пытанне свабодных і справядлівых выбараў, трэцяе — пры вырашэнні першых двух, выпрацоўка нейкага "плана Маршала", эканамічная і фінансавая дапамога для Беларусі. Гэтыя пасланнні былі цалкам пазітыўна ўспрынятыя.

Сустрэчы праходзілі на самым высокім узроўні — у Кангрэсе ЗША, са спікерам палаты прадстаўнікоў, з такімі вядомымі і ўплывовымі палітыкамі, як сенатар Макейн, таксама з кіраўніком падкамітэту Кангрэса ЗША па справах Еўропы і Еўразіі спадаром Байдэнам... На ўсіх гэтых спатканнях тое, што я агучыў на пачатку, абгаворвалася, гэта прамаўлялася.

Ёсць і канкрэтныя вынікі, напрыклад, кангрэсмен Шумкас узяў адрасы ўсіх палітвязняў і ён напіша асабіста лісты падтрымкі, Макейн будзе трымаць прамову у сенаце. Мы размаўлялі з Макейнам асабіста аб тым, каб надаць дынаміку разгляду ў сенаце такога важнейшага дакумента, як “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”, што вельмі важна для нашай краіны. І я думаю, што такі імпульс будзе нададзены, а спадар Байдэн напісаў на імя Лукашэнкі ліст з патрабаваннем, каб былі вызвалены палітвязні ў Беларусі.

Фота: westki.info
Еўрарадыё: Ці будуць пісацца лісты і да анархістаў, якія асуджаныя за напады на дзяржаўныя будынкі і дагэтуль не лічацца палітвязнямі?

Лябедзька: Так. Я гэта асабліва падкрэсліў. Вельмі важна зараз удзяляць увагу не толькі вядомым людзям, кандыдатам у прэзідэнты, але і тым, хто дэ-факта за межамі справы 19 снежня. І гэтыя прозвішчы там ёсць, я тлумачыў, чаму мэтазгодна, каб яны былі ў спісе палітвязняў.

Еўрарадыё: Вы казалі пра "план Маршала", эканамічнага выйсця з крызіснай сітуацыі ў Беларусі, а хто б мог такі план распрацоўваць, амерыканцы ці ўсе ж беларускі бок?

Лябедзька: Гэта зона нашай адказнасці, у першую чаргу. Мы самі павінны з экспертамі выпрацаваць стартэгічныя накірункі такога плану, а потым ёсць людзі, якія лепш, у прыватнасці за мяне, разумеюць, што такое фінансы, што такое інвестыцыі. І ёсць спецыяльна створаныя структуры, якія могуць гэтым займацца. Але галоўныя накірункі, інструменты, механізмы павінны прапрацаваць палітычная апазіцыя з удзелам беларускіх экспертаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі