У Беларусь прыбываюць эксперты АБСЕ з Італіі, Венгрыі, Брытаніі і Грузіі
Яны наведаюць суды па справе “плошчы”, якія адбудуцца 10 сакавіка. На наступныя працэсы іх заменіць новая група экспертаў.
Чацвёра назіральнікаў ад АБСЕ прыбываюць сёння ў Мінск. Яны плануюць 10 сакавіка назіраць за судовымі працэсамі за “плошчу” над Дзмітрыем Мядзведзем і расіянамі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ Енс Эшэнбэхер. У місію назіральнікаў увайшлі прадстаўнікі Італіі і Венгрыі – супрацоўнікі самога Бюро, а таксама запрошаныя эксперты з Вялікабрытаніі і Грузіі.
Па словах Енса Эшэнбэхера, назіральнікі не будуць каментаваць асобныя працэсы. А па выніках маніторынгу АБСЕ апублікуе справаздачу з ацэнкай таго, наколькі суды адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным стандартам у сферы справядлівага судаводства.
“Першая група будзе назіраць за заўтрашнімі працэсамі. Раскладу па наступных няма, калі даты будуць вядомыя, то, верагодна, што склад назіральнікаў зменіцца, прыбудуць іншыя групы экспертаў”, – паведаміў Енс Эшэнбэхер.
Нагадаем, Беларусь, у якасці краіны-ўдзельніцы АБСЕ, абавязаная дапускаць міжнародных назіральнікаў на пасяджэнні суда.