У Беларусі будуць вырабляць мэблю для IKEA
Літоўскі канцэрн SBA мае намер пабудаваць мэблевы камбінат у Магілёўскай вобласці Беларусі.
28 лютага прадстаўнікі SBA падпісалі з адміністрацыяй Магілёўскай вобласці дамову аб будаўніцтве мэблевага камбіната "Мебелайн" у Свабоднай эканамічнай зоне. Аб'ём інвестыцыяў складзе 43,66 млн. літаў ($17,5 млн).
Будаўніцтва камбіната будзе распачата ўлетку 2011 года, а вытворчасць запушчана ў пачатку 2012 года. На камбінаце будуць вырабляць сучасную мэблю — сталы, паліцы, мэблю для спальні і гасцёўні.
"Беларусь, у якой ёсць добрая сыравінавая база і старыя сталярныя традыцыі, адносіцца да адзінага Мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам, гэта дазволіць прасцей рэалізоўваць прадукцыю гэтага камбіната на рынках краін СНД", — сказаў віцэ-прэзідэнт канцэрна Эгідыюс Валенцінавічус.
Паводле яго словаў, адным з асноўных заказчыкаў камбіната "Мебелайн" будзе канцэрн IKEA, з якім мэблевыя кампаніі, якія належаць SBA, супрацоўнічаюць ужо больш за 10 гадоў, перадае DELFI.