"У Беларусі паглыбляюцца рознагалоссі паміж групоўкамі рэжыму"

Еўрапейскія эксперты Балаш Ярабік (Balázs Jarábik), Яна Кобзава (Jana Kobzova) і Эндру Вілсан (Andrew Wilson) апублікавалі 6-старонкавы мемарандум па Беларусі пад эгідай аўтарытэтнай даследчай арганізацыі Еўрапейскі Савет па замежных адносінах. Яны даюць парады еўрапейскім палітыкам і чыноўнікам па дзеяннях у дачыненні да Беларусі і прагназуюць палітыку Лукашэнкі на бліжэйшую будучыню.

"Жорсткасць падаўлення паслявыбарных пратэстаў сведчыць не пра моц рэжыму, але пра яго ўнутраную слабасць: рознагалоссі паміж групоўкамі рэжыму паглыбляюцца... Кожная з іх усё болей пячэцца пра ўласны выжыванні любымі спосабамі і думае, як схапіць найбольшы кавалак дзяржаўнай маёмасці ў ходзе блізкай прыватызацыі", – пішуць яны.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка жорстка ўзяў кантроль за сітуацыяй, але з цягам часу будзе вымушаны задавальняць усё большую колькасць інтарэсаў, каб утрымліваць сваю ўладу, працягваюць навукоўцы. Эксперты лічаць, што наперадзе для Беларусі – пагаршэнне эканамічнага становішча і бітва за маёмасць праз прыватызацыю, у якой будзе ўдзельнічаць як Расія, так і ўладныя групоўкі. Яны лічаць, што ў рэпрэсіях была асабліва зацікаўленая групоўка сілавікоў.

"Спецслужбы – так званыя сілавікі – шмат згубяць, калі адбудзецца рэальнае замірэнне Беларусі з Захадам, асабліва калі далейшыя рэформы ўзмоцняць іх больш памяркоўных праціўнікаў ва ўрадзе. Для іх рэпрэсіі сталі спосабам паведаміць апазіцыі і яе міжнародным памочнікам, што нягледзячы на перадвыбарную лібералізацыю, яны ўсё яшчэ вызначаюць межы дазволенага"

Што ж у гэты пераломны перыяд эксперты раяць рабіць Еўрасаюзу? Балаш Ярабік, Яна Кобзова і Эндру Вілсан заклікаюць выпрацаваць актыўную стратэгію па ізаляванні Лукашэнкі і сілавікоў. Рабіць гэта прапануецца праз пашырэнне кантактаў і свайго ўплыву за межы традыцыйных апазіцыйных супольнасцяў, у тым ліку сярод чыноўнікаў і прадпрымальнікаў.

"Галоўнай мэтай ЕС у сярэдняй перспектыве мусіць быць павелічэнне сваёй прысутнасці ў Беларусі і пашырэнне кола сваіх сяброў. У той самы час Еўрасаюзу трэба прызнаць, што Лукашэнка – не асобны феномен. Ён выражае пэўныя вераванні часткі беларусаў... Калі Захад хоча паспрыяць зменам у краіне, то не павінен трапляць у пастку засяроджвання на адным Лукашэнку... Палітыка ЕС мусіць канцэнтравацца на змяненні беларускага грамадства".

Апрача таго, эксперты раяць Бруселю ўдарыць па іншым слабым месцы Мінска – пачаць перамовы наконт Беларусі непасрэдна з Масквой. І такім чынам выкарыстаць незадавальненне Расіі ў сваім саюзніку.

"Магчымасць беспасярэдняй размовы паміж Бруселем і Масквой пра Беларусь – дакладна тое, чаго так баіцца Мінск"

"Магчымасць беспасярэдняй размовы паміж Бруселем і Масквой пра Беларусь – дакладна тое, чаго так баіцца Мінск", – упэўненыя эксперты.

Дадаткова, спецыялісты лічаць неабходным зменшыць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў і бюракратыю пры іх атрыманні. І прапануюць еўрачыноўнікам разгледзець магчымасць увядзення эканамічных санкцый праз замарозку аперацый найбольш прыбытковых прадпрыемстваў, звязаных з вытворчасцю і экспартам нафтавых і хімічных прадуктаў ды калійных угнаенняў.

Аўтары лічаць абсалютна відавочным, што рашэнне аб паслявыбарных рэпрэсіях прыняў сам Лукашэнка, хаця і адзначаюць, што яго прычыны "могуць так і ніколі не стаць вядомымі". Найбольш верагодным ім падаецца тое, што Лукашэнка баяўся далейшага росту палітычнай актыўнасці беларусаў.

"Паслявыбарныя рэпрэсіі хутчэй за ўсё ажыццяўляюцца для таго, каб згарнуць палітычнае абуджэнне. Рэжыму трэба было ўзяць кантроль над грамадствам, узнавіць фактар боязі ў штодзённым жыцці і прадэманстраваць сілу, зрабіць моцны і зладжаны ціск для ўтрымання ўлады пад усімі ўмовамі напярэдадні хуткай прыватызацыі".

"Задача выцягвання Беларусі з заледзі стала больш складаней, але яна ажыццявімая", калі ЕС будзе праводзіць прадуманую палітыку ў дачыненні да Беларусі, аптымістычна заключаюць эксперты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі