У дом на Пляханава, дзе ў лютым адбыўся выбух, вяртаюцца жыхары
На сёння прызначаная канчатковая праверка газавага абсталявання будынка.
130328_taccianakvateraplachanava.mp3
“У 10 гадзін прыедзе “Мінгаз” і электрыкі прыдуць. Будуць усё правяраць і калі там без праблем, то пад’езд заселяць. Акрамя 8-га і 9-га паверхаў, а таксама 337-й кватэры — маёй”, — расказвае гераіня рэпартажу Еўрарадыё, жыхарка дома на вуліцы Пляханава Таццяна. Туды людзі вернуцца толькі пасля правядзення дадатковых аднаўленчых працаў.
Сход жыхароў пад’езда, дзе адбыўся выбух, прайшоў вечарам 27 сакавіка. З людзьмі сустрэўся начальнік ЖРЭА Ленінскага раёна Аляксей Каралькоў. Чыноўнік паабяцаў дапамагчы людзям з пераездам — выдзеліць транспарт і рабочых. Усе неабходныя рамонтныя работы ў пад’ездзе, згодна з яго словамі, будуць скончаныя на працягу месяца. Пытанні аб кампенсацыях будуць вырашацца індывідуальна. Некаторыя жыхары заяўляюць, што ім будзе дастаткова добрага рамонта ў кватэрах.
Нагадаем, 23 лютага ў кватэры на 9-м паверсе адбыўся выбух, двое яе жыхароў загінулі, а ўвесь пад’езд рассялілі ў часовае жыллё — пераважна ў Дом для інвалідаў. Вяртання ў свае кватэры людзі чакалі месяц.