У дзень рэгістрацыі сваёй групы Раманчук дасць прэс-канферэнцыю ў Маскве
Падчас візіту ў Цэнтрвыбаркам Яраслаў Раманчук патлумачыў, навошта падмануў Еўрарадыё адносна колькасці сваёй ініцыятыўнай групы, чаму колерам сваёй кампаніі аб
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук прывёз на рэгістрацыю спісы сваёй ініцыятыўнай групы ў другой палове 23 верасня. І паспрабаваў адразу накіравацца ў ЦВК, але на падыходзе быў спынены "нахабнымі" журналістамі, якія запатрабавалі справаздачы: з чым ён ідзе да Ярмошынай?
Яраслаў Раманчук: “Каманда гатовая — 1500 чалавек, заўтра яшчэ больш будзе. Старэйшаму сябру 82 гады — вельмі такая актыўная спадарыня, малодшаму, безумоўна, 18. Каманда з 32 гарадоў нашай краіны, уся сетка гатовая і з аптымізмам чакае, як 19 снежня будзем на плошчы святкаваць перамогу”.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, як за ноч група Раманчука здолела павялічыцца амаль у два разы. Нагадаем, у сераду палітык заявіў нашаму радыё, што ў яго групу ўваходзіць 800 чалавек.
Яраслаў Раманчук: “Навошта праўду казаць, калі можна, сюрпрызы каб былі?!”
Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што кандыдат пачынае сваю кампанію з маны?!”
Яраслаў Раманчук: “Ёсць пэўная тактыка, падалі заявы людзі — так вось і было”.
За Раманчука заступіўся кіраўнік яго штаба Леў Марголін, які патлумачыў, што яны ўчора агучвалі тую лічбу сябраў групы, колькі было заяў. Але ўвечары з рэгіёнаў яшчэ падвезлі амаль 800 заяў з просьбай уключэння ў ініцыятыўную групу.
Яшчэ журналістаў зацікавіла дзіўная эмблема на лацканах пінжакоў групы Раманчука, колер якой падазрона нагадваў колер, абраны кампаніяй “Гавары праўду!”
Яраслаў Раманчук: “Гэта сімвал нашай кампаніі — зялёны і жоўты. Жоўты — гэта сімвал таго, што мы захоўваем лепшае. Кветку, якая стала сімвалам нашай кампаніі, зрабіў вядомы дызайнер, знаўца беларускай прыроды. А зялёны — гэта сімвал новага. Мы будзем будаваць новае: новую адкрытую краіну, рыначную эканоміку, дэмакратычны ўрад”.
Паводле словаў Раманчука, у яго на выбарах будзе толькі адзін канкурэнт — Лукашэнка. Усіх астатніх кандыдатаў ён канкурэнтамі не лічыць.
Яраслаў Раманчук: “Гэта партнёры па дэмакратызацыі Беларусі, сябры, з якімі мы разам былі ў барацьбе за свабоду. Якія яны канкурэнты?! Я больш іх разглядаю як партнёраў, якія будуць у адной камандзе пасля рэгістрацыі”.
А стварэнне адной каманды для аднаго кандыдата адбудзецца пасля заканчэння збору подпісаў. Тады, маўляў, усе стануць на бок таго, хто назбірае найбольш галасоў.
Раманчук прызнаўся, што будзе ствараць індывідуальны фонд. І адзначыў: ужо ёсць людзі, які хочуць унесці туды сродкі. А траціць іх будуць на “медыйныя праекты”.
Дакументы ў ЦВК у Раманчука прынялі без праблем. Сказалі, што вынікі праверкі спісаў і рашэнне аб рэгістрацыі яму паведамяць 27 верасня.
Сам жа Раманчук распавёў, чым будзе займацца бліжэйшымі днямі.
Яраслаў Раманчук: “У нядзелю будзем працаваць над улёткамі для моладзі, для жанчын, для рабочых. А потым будзе сустрэча з прадстаўнікамі штаба, дзе мы будзем казаць пра стратэгічныя рэчы: пра імідж, як розныя цікавыя рэчы падчас кампаніі рабіць”.
У панядзелак ён будзе даваць прэс-канферэнцыю ў Маскве. А вось на аўторак, 28 верасня, у Раманчука ў Мінску прызначаная сустрэча з расійскімі журналістамі, якія едуць на інтэрв’ю да Лукашэнкі.
Яраслаў Раманчук: “Дамоўленасць ёсць наконт сустрэчы з журналістамі, якія будуць сустракацца з Лукашэнкам. Мы з імі сустрэнемся ў аўторак. І вось такі будзе алаверды: я буду казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а Лукашэнка будзе казаць расійскім журналістам — што ён мае ў Беларусі на свой погляд. І два гэтыя погляды добра адлюструюць, што мы з Лукашэнкам з’яўляемся палярнымі кандыдатамі для нашай краіны”.
А на развітанне расказаў, што з 2 тысяч жыхароў яго роднай вёскі ў яго ініцыятыўнай групе — 30 чалавек.
Фота: Змітра Лукашука