У гонар 15-годдзя “Народнага альбома” з’явіўся фільм пра яго стварэнне

121227_malina_narodny.mp3

“Cупольны музычны праект “Народны альбом”” святкуе сваё 15-годдзе! У запісе дыску ўзялі ўдзел больш за 20 чалавек — амаль усе тагачасныя зоркі беларускага року ды прадстаўнікі радыё 101.2. Ідэйным натхняльнікам і аўтарам большасці тэкстаў стаў мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў.

“Спачатку напісаўся “Настаўнік Рагойша”, які быў інспіраваны заходнебеларускай фактурай ды стылістыкай, — узгадвае аўтар. — Яна настолькі прыдатная для працы, настолькі стыльная, настолькі цікавая, што напісаўся верш. То бок, я не сядзеў і не чухаў галаву, пра што напісаць, хутчэй, наадварот. А пасля “Настаўніка Рагойшы” праз шмат гадоў пачалі з’яўляцца “Два польскіх шпіёны”, “Кантрабандыст”, і паступова гэта ўсё набыло крытычную масу, з якой ужо можна было рабіць альбом”.


Музычная п’еса, дзеянне якой адбываецца ў несавецкай Заходняй Беларусі ў мiжваенны перыяд, адразу атрымала прызнанне ў публікі. На тады яшчэ ўплывовым фестывалі “Рок-каранацыя-97” дыск быў прызнаны альбомам году, ды праходзіў у намінацыі “Лепшы тэкст года”.

“Ён мае розныя ўзроўні каштоўнасцяў, – тлумачыць неверагодную папулярнасць ужо культавага альбома Міхал Анемпадыстаў. – Ён з цікаўнасцю слухаецца і лёгка запамінаецца, апроч гэтага, у ім ёсць культурніцкі ды ідэалагічны стрыжань. Усё ж, гэта не проста зборка песень, гэта канцэпцыя, гэта у нейкім сэнсе культурніцкая картка пэўнага часу і пэўных тэрыторый Беларусі. І пры тым, што ён вітальны і добразычлівы ў адносінах да ўсіх персанажаў, у ім ёсць і самаіронія, і іронія, гумар, а гэта заўсёды прасцей рэтрансляваць”.


Міхал адзначае, што “Народны альбом” — рэч скончаная, таму ніякіх працягаў быць не можа. Маўляў, было б добра працягнуць традыцыю, выконваць “альбом” раз на год у Мінску, але апошнім часам па зразумелых прычынах гэтага не атрымліваецца.

Каб адзначыць юбілей праекту, журналіст Севярын Квяткоўскі разам з групай паплечнікаў пад агульнай назвай  Budzma TV вырашыў зняць фільм пра стварэнне “Народнага альбому” і яго ўплыў на тагачаснае культурнае жыццё Беларусі.

“Многія не ведаюць, забыліся, што не толькі 20, але і 15 і 10 гадоў таму жыццё ў Беларусі буяла ва ўсіх сферах, людзі стваралі і імкнуліся нешта змяніць, пабудаваць новае, — тлумачыць мэту стварэння фільма Севярын. — А цяпер у грамадстве, мне падаецца, пануе нейкая дэпрэсія, пэўны застой. Я думаю, што нам, старэйшым, трэба ўзгадаць, што можна жыць цікавей, весялей ды будаваць нейкую перспектыву і распавесці пра гэта малодшаму пакаленню”.


Пакуль на Еўрарадыё прэзентуецца кароткі фільм пра праект. Магчыма, у будучым з’явіцца і поўнафарматная стужка. Да таго ж, плануецца, што пасля фільма “Шлях да мроі: Народны Альбом” перыядычна будуць з’яўляцца і дакументальныя стужкі пра іншыя праекты ды падзеі тых часоў, але падрабязнасці пакуль не адкрываюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі