У калоніі для перапіскі Алеся Бяляцкага завялі асобны журнал
У яго заносяць як уваходную, так і сыходзячую карэспандэнцыю.
Іншы такі самы журнал у Бабруйскай папраўчай калоніі №2 прызначаны для ўсіх астатніх зняволеных.
Пра гэта паведаміў сябра праўлення грамадскага аб’яднання “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” Віктар Сідарэнка, які ў аўторак наведаў калонію і сустрэўся з асуджаным праваабаронцам.
Падчас размовы Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў сярэднім на тыдзень атрымлівае каля 10 лістоў, стан здароўя, паводле яго словаў, здавальняючы. Ён па-ранейшаму працуе ўпакоўшчыкам на швейнай вытворчасці.
Трэба адзначыць, што нагодай для візіту ў калонію сталася скарга праваабаронцы Насты Лойкі, якая пісала, што да Бяляцкага не даходзіць карэспандэнцыя.
Сустрэчу з Алесем Бяляцкім Віктару Сідарэнка дазволіла Ўпраўленне юстыцыі, бо ён з’яўляецца старшынём грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама па наглядзе за месцамі пазбаўлення волі ў Магілёўскай вобласці.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго звінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. Насамрэч грошы на тых рахунках прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Краіны ЕС, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.