У Катавіцах сабралі 200 подпісаў пад петыцыяй да Лукашэнкі
Палякі патрабуюць вызвалення беларускіх палітвязняў.
Акцыя "Дашлі свабоду Беларусі" ("Wyślij Wolność Białorusi"), якую ў польскім горадзе Катавіцы арганізаваў Офіс дэпутата Еўрапейскага парламента Марэка Мігальскага, а таксама Незалежная асацыяцыя студэнтаў універсітэта Слёнскага, прайшла 17 лютага каля будынка офіса рэктара гэтай ВНУ.
Як паведамляе сайт migalski.eu, акцыя была накіраваная на збор подпісаў пад петыцыяй да Аляксандра Лукашэнкі наконт вызвалення беларускіх палітвязняў. Падчас акцыі было сабрана амаль 200 подпісаў. Таксама студэнты рабілі фотаздымкі з прозвішчамі палітвязняў. З іх паўстане калаж, а пасля і паштоўкі, якія будуць дасланыя беларускай апазіцыі.
Акрамя гэтага арганізатары акцыі прапаноўвалі агледзець выставу "Грамадзяне Рэспублікі Беларусь", фільмы пра сітуацыю ў Беларусі, чыталіся лекцыі, дэманстраваліся фотаздымкі з дэманстрацыяў у нашай краіне.