У мінскім офісе "Вясны" апісалі маёмасць на 16 мільёнаў (фота)

Як інфармуе Радыё Свабода, адна з судовых выканаўцаў паведаміла, што пасля вопісу арыштаванай маёмасці суд павінен будзе вырашыць, якая з яе належыць Алесю Бяляцкаму.

Адзначым, што жыхары дома, калі даведаліся пра палітычную афарбоўку справы, адмовіліся стаць панятымі падчас апісання маёмасці.

Гл. таксама: У Мінску з офіса збіраліся высяляць праваабаронцаў "Вясны"

Як паведамляе сайт spring96.org, кватэра на праспекце Незалежнасці 78А-48, у якой месціцца офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”, была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэнні Рады ПЦ “Вясна” кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс з’яўляўся прыватнай уласнасцю, “Вясна” змагла  прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў.

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго звінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. Насамрэч грошы на тых рахунках прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Краіны ЕС, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.

Бяляцкі ў цяперашні час знаходзіцца ў бабруйскай калоніі, працуе на швейнай вытворчасці, дзе займаецца пакаваннем гатовай прадукцыі.

У красавіку стала вядома пра з'яўленне новых фінансавых прэтэнзій да Алеся Бяляцкага. Палітвязень атрымаў рашэнне суду Першамайскага раёну сталіцы ад 29 сакавіка. У ім паведамляецца "аб спагнанні пені" ў суме 140 мільёнаў 266 тысяч 151 рубель і дзяржаўнага мыта — 7 мільёнаў 13 тысяч 307 рублёў.

Раней, дзякуючы складкам, кампенсацыя нанесенай "шкоды дзяржаве" (больш за 721 мільён рублёў) і дзяржаўнае мыта (больш за 36 мільёнаў) былі цалкам сплачаныя. Аднак высветлілася, што існуюць і іншыя фінансавыя прэтэнзіі да Бяляцкага — пені за пратэрмінаваную сплату падаткаў.

Нядаўна стала вядома, што была апісаная маёмасць на лецішчы Алеся Бяляцкага ў Ракаве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі