У турмах фармуюць “другую хвалю” палітычных памілаваных?
Эдуарду Лобаву і Фёдару Мірзаянаву прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле звестак маці палітвязня Эдуарда Лобава Марыны, абодва адмовіліся ад гэтай прапановы з першага разу, але адміністрацыя працягвае "ўгаворваць" хлопцаў. Мірзаянава ўжо выклікалі на размову і другі раз. Але Фёдар і другі раз адмовіўся.
Марына Лобава лічыць, што ў турмах пачалі фармаваць "другую хвалю" памілаваных. Эканамічная і палітычная сітуацыя такая, што трэба хутчэй усіх палітвязняў выпускаць і без памілавання, таму прашэнні спрабуюць проста выбіць, сказала яна Радыё Свабода.
Актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зняволення. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве. Хоць сам Лобаў казаў, што супраць яго ўчынілі правакацыю. Фёдар Мірзаянаў атрымаў 3 гады калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Вінаватым сябе хлопец не прызнаў.