Украінскія праваабаронцы просяць адклікаць амбасадара з Беларусі
Праваабаронцы звярнуліся да ўкраінскага ўрада з патрабаваннем адклікаць з пасады амбасадара Украіны ў Беларусі Віктара Ціханава.
Пра гэта сайту "Луганск.Каментары" паведаміў праваабарончы цэнтр "Поступ". Падставай называюцца каментары, нявартыя пасады дыпламата. У прыватнасці, на думку праваабаронцаў, амбасадар адкрыта грэбліва выказваўся пра каштоўнасць палітычнага плюралізму, свабоды выказвання меркаванняў і свабоды мірных сходаў, якія ляжаць у аснове кожнага дэмакратычнага грамадства.
Таксама праваабаронцы звярнуліся да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і міністра замежных справаў Канстанціна Грышчанкі.
Нагадаем, што на тэлеканале "РТР-Беларусь" Ціханаў заявіў, што ў Беларусі людзі жывуць мірна і ўпэўненыя ў заўтрашнім дні дзякуючы ўраду і прэзідэнту.