Уладзімір Някляеў: Супрацьстаянне дык супрацьстаянне

4 ліпеня закончыўся тэрмін праверкі па факце збіцця кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева. Палітык не мае абсалютна ніякіх звестак з пракуратуры Мінска, якая праводзіла праверку. Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў падаў заяву ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу і правесці расследавання па факце нападу на калону яго прыхільнікаў 19 снежня 2010 года. Генеральная пракуратура перадала заяву ў пракуратуру Мінска.


Еўрарадыё: Сёння скончыўся тэрмін праверкі па факце таго, што адбылося 19 снежня вечарам, пасля таго, як вы трапілі ў больніцу. Што стала вядома пасля гэтай праверкі?


Някляеў: “Ніякай інфармацыі я не атрымаў і сёння, хто і за што мяне хацеў біць ці нават забіць. Мы зараз пішам яшчэ адну скаргу, дзе я ўжо раблю тое, пра што казаў, што, калі не будзе нічога высветлена, значыцца, я маю права заявіць, што ўсё рабілася з ведама Лукашэнкі і па яго загадзе, бо ён сам пасля падзея 19 снежня пра гэта сказаў. Калі нічога іншага не высветлялася, а я пакуль што маю права так думаць, то я пішу, што я абвінавачваю ў нападзе і <неразборліва> забойства на кандыдата ў прэзідэнты Някляева гэткага самага на той час кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі”.


Еўрарадыё: Каму вы накіруеце гэтую скаргу?


Някляеў: “У пракуратуру. Не маючы спадзяванняў, што з гэтай скаргі нешта і неяк атрымаецца. Тым не менш, трэба будзе прайсці ўсе інстанцыі, а пасля мы будзем ужо звяртацца да міжнародных арганізацыяў, якія займаюцца падобнымі справамі”.


Еўрарадыё: Вы бачылі, пэўна, здымкі таго, што 3 ліпеня тварылася на Прывакзальнай плошчы. Тое, што адбывалася там учора і тое, што здарылася з вамі вечарам 19 снежня,  ніякіх паралеляў не навявае?


Някляеў: Сказаўшы пра паралель, вы самі адказалі на вашае пытанне. Нічога не змянілася, на жаль. Яшчэ на судзе я сказаў, што я гатовы пераступіць праз знявагу, здзекі. Дзеля Беларусі я гатовы адкінуць усё асабістае, апроч аднаго чалавека - апроч Лукашэнкі, які дзеля Беларусі ўсе робіць такім чынам, што выглядае - толькі дзеля сябе. І з гэтага пункту гледжання ягоныя дзеянні абсалютна лагічныя на дадзены момант. Яны брутальныя, жорсткія, проста нечалавечыя... Біць людзей з дзецьмі на руках... Ніводная дыктатура у свеце, нідзе я  такога не памятаю, каб было відаць, што людзі кідаюцца на сваіх жа супляменнікаў, суграмадзянаў, якія трымаюць на руках маленькіх дзетак. Гэта азвярызм. І ў гэты час я кажу, што хопіць, давайце паспрабуем пра нешта пагаварыць, досыць дубінак, яны ні да чаго добрага не давядуць... Відаць, крык у пустэльні – ніхто не жадае чуць і ніхто не збіраецца ва ўладзе мяняць фармат адносін да грамадскай супольнасці. Тады, відаць, трэба і нам спыняцца і выпрацоўваць зусім іншую стратэгію”.


Еўрарадыё: Іншую стратэгію, што гэта азначае?


Някляеў: “Гэта азначае, што калі супрацьстаянне, то значыць супрацьстаянне. Можа, ён гэтага і дамагаецца, гэтымі правакацыямі... Чаму мы і стрымліваемся, і я сябе стрымліваю. Вельмі падобна на тое, каб нехта сарваўся першы, пайшоў і зрабіў нейкі крок, пасля якога нельга будзе адступіць назад. Настолькі гэтыя дзеянні відавочныя, настолькі ў сутнасці сваёй гэтыя дзеянні правакацыйныя, што я асцерагаюся, што гэта можа быць яшчэ і так”.


Еўрарадыё: Вы не выключаеце, што людзі пачнуць агрэсіўна адказваць на дзеянні асобаў у цывільным?


Няклеў: “Я думаю, што гэта можа быць. Калі будзе працяг з боку ўладаў такіх дзеянняў, то гэтым можа і скончыцца. Ужо цяпер давесці нешта уладзе, кшталту таго, што яны спрабавалі зрабіць на Плошчы, цяпер жа давесці сусветнай супольнасці, што нібы на тую Плошчу прыйшлі людзі з дзецьмі ваяваць, не атрымаецца. Гэтым шляхам Лукашэнка цягне Беларусь на самае дно яміны, з якой я не ведаю, як Беларусь бедная будзе выкарасквацца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі