Уладзімір Угольнік: “Такой падрыхтоўкі беларускіх гітарыстаў я не чакаў!”

130412_malina_gitary.mp3

“У журы мы ўсе вашы браты-гітарысты, а таму не хвалюйцеся! Паспрабуйце проста паказаць па-мастацку тое, дзеля чаго вы ўзялі ў рукі інструмент, пераканайце нас у гэтым!” ― падбадзёрвае маладых гітарыстаў старшыня журы Virage Guitars Уладзімір Угольнік.

У веснавым сезоне конкурсу за званне лепшага змагаюцца восем музыкаў. Як адзначае вядучы імпрэзы Віталь Маліноўскі, гэта той рэдкі выпадак, калі за гітарныя сола на 10 хвілін цябе ніхто папракаць не будзе… хутчэй, наадварот!

Кожны выканаўца грае толькі па дзве тэмы. Нехта сольна, пад мінусавую фанеру, але большасць — з “жывым” складам.

“Тэндэнцыя такая: людзі, якія гралі пад мінусы быццам бы віртуозныя рэчы, засталіся амаль без намінацый, ― выказвае стаўленне да фанеры сябра журы Піт Паўлаў. ― А вось калі пачалі граць жывыя склады, адразу пачалася музыка, стала больш весела і лёгка гэта ўсё слухаць. Так што мне падаецца, трэба было знайсці нейкі жывы склад, ці граць увогуле без нічога”.

Уладзімір Палішчук


вядучы Віталь Маліноўскі

Вадзім Міхед

Сапраўды, з’яўленне жывых складаў і актыўных, жвавых кампазіцый заўважна разварушвае і журы, і наведнікаў. Большасці канкурсантаў акампануюць адны і тыя ж музыкі. Ды і самі канкурсанты дапамагаюць адзін аднаму: тут падбег гук на комбіку падправіў, там папрасіў гукача дадаць апанента ў манітор, ці ўвогуле выйшаў з канкурэнтам на сцэну, каб на рытм-гітару сыграць… Так што казаць пра перамогу “па галовах” і “любым коштам” не даводзіцца. Не дзіўна! Больш за палову музыкаў на сцэне ― студэнты Інстытута сучасных ведаў.

“Шчыра скажу, што я сядзеў і ташчыўся, ― дзеліцца ўражаннямі ад убачанага Уладзімір Угольнік. ― Вельмі складана было расстаўляць балы, бо я абсалютна не чакаў такога ўзроўню падрыхтоўкі беларускіх гітарыстаў. Цяпер на ўсіх узроўнях і ў нас і за мяжой буду прапагандаваць нашы гітарныя пачынанні”.

Апроч канкурсантаў, у клубе TNT — іх сябры, дзяўчаты, сваякі ды, натуральна, выкладчыкі, залётных аматараў электрычнай шасцістрункі няма. Атмасфера вельмі сяброўская. Піт Паўлаў няспынна прытупвае нагой і пакачвае галавой у такт музыцы, а Угольнік абсалютна шчыра пляскае пасля кожнага трэка… Але на палове конкурсу журы ўсё ж просіць перапынак. Трэба, каб вушы адпачылі!

Трэцяе месца веснавога сезону Арцём Казлоў

Яўген Жэшка

Другая чацвёрка канкурсантаў, відавочна, больш моцная. У выніку, тры прызавыя месцы дзеляцца менавіта паміж гэтымі музыкамі. Прычым, упершыню за гісторыю Virage Guitars у журы ўзнікае спрэчка наконт размеркавання месцаў. За бронзу спрачаюцца Мацвей Губко і Арцём Казлоў, якія ў выніку і дзеляць прыз ад кампаніі “Музторг”. Праўда, прадстаўнік фірмы і сябра журы Валянцін Мотуз не разлічваў на такі паварот падзеяў, таму другі падарунак паабяцаў выдаць пазней.

Зміцер Сарычаў

Журы: Валянцін Мотуз, Уладзімір Угольнік, Піт Паўлаў

 

Таксама трэцяе месца веснавога сезону Мацвей Губко

 

Другое месца камісія аддае Паўлу Вялічку, які закрываў конкурсную частку веснавога сезону Virage Guitars-2013 і сабраў на сцэне пяць акампаніятараў (бубны, клавішы, бас, саксафон і вакал). Золата, а разам з ім класічная акустычная гітара ды выступ на гала-канцэрце разам з Пітам Паўлавым і заснавальнікам узнагароды Сяргеям Трухановічам атрымаў Павел Фядосаў. Раней ён граў у гурце Recha, але вырашыў, што імправізацыя і джаз яму бліжэй да сэрца.

Бэнд акампаніятараў Паўла Вялічка

Другое месца веснавога сезону Павел Вялічка

 

Пераможца веснавога сезону Virage Guitars-2013


“Не ведаю, што я буду граць, у галаве пакуль нічога няма, ― хаваючы задавальненне, кажа пераможца. ― Дакладна будзе нейкая свая імправізацыя і свая дзвіжуха”.

Гала-канцэрт адбудзецца 25 красавіка ў тым жа TNT, складацца ён будзе з сэтаў: Піта Паўлава, Сяргея Трухановіча ды, натуральна, Паўла Фядосава. Квіткі каштуюць 60 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі