Вадзім Самойлаў падаў у суд на Арцемія Троіцкага
І патрабуе 1 мільён рублёў за маральны ўрон.
Заснавальнік гурта “Агата Кристи” Вадзім Самойлаў падаў у суд на музычнага крытыка Арцемія Троіцкага, паведамляе “Маскоўскі камсамолец”.
Падставай для іску стала выказванне Троіцкага ў фільме тэлеканала РЕН TV “Ноты пратэсту”. Троіцкі сказаў наступнае: “У нас ёсць розныя рок-музыкі. Ёсць, скажам, Вадзім Самойлаў з неіснуючага гурта “Агата Кристи”, які проста такі дрэсіраваны пудзель пры Суркове”. Знакаміты крытык меў на ўвазе той факт, што Самойлаў паклаў на музыку вершы Уладзіслава Суркова і такім чынам дапамог чыноўніку запісаць пласцінку “Полуострова”.
Зараз Самойлаў патрабуе прызнаць, што словы Троіцкага не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя таго, музыка збіраецца атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры аднаго мільёна рублёў. Іск будзе разглядацца ў Гагарынскім судзе Масквы, аднак дата слуханняў не ўдакладняецца.
Фота: www.rock-centr.ru