Візіт з ператрусам супрацоўнікаў КДБ "прыкрывалі" міліцыянты
У кватэры светлагорскай актывісткі партыі "Справядлівы свет" Святланы Міхальчанкі супрацоўнікі мясцовага аддзела КДБ праводзяць ператрус.
Як распавяла Міхальчанка Радыё "Свабода", сёння ўдзень да яе прыйшоў міліцыянт з пытаннямі аб нейкім дарожным здарэнні. Затым у кватэру патэлефанаваў ўжо іншы міліцыянт — з нагоды праверкі пашпартнага рэжыму. І ўжо пасля гэтых міліцыянтаў з'явіліся два супрацоўнікі КДБ, якія паказалі пастанову на ператрус. "Такія ветлівыя маладыя людзі, ахайныя — усе куты абшукалі", — кажа Святлана Кандрацьеўна.
Чэкісты збіраюцца забраць з кватэры былога дырэктара школы сістэмны блок кампутара і некалькі дыскаў.
Ператрус прайшоў у рамках расследавання справы аб "масавых беспарадках". Міхальчанка 19 снежня была ў Мінску, але, па яе словах, не на плошчы Незалежнасці.