Вольга Бандарэнка: Мне падаецца, Змітру лепш!

Еўрарадыё: Першапачаткова планавалася што Змітра адразу пасля аперацыі адвязуць у турэмны шпіталь. Як удалося пазбегнуць гэтага?


Вольга Бандарэнка: “І Дзіме і мне лекары казалі, што ў пятніцу яго забяруць назад. Але 28 ліпеня я сустракалася з лекарам турэмнага шпіталя на Валадарскага. У мяне было некалькі пытанняў, і першае – калі вы забярэце Дзіму. Яна адказала: мы нікога не забіраем. Калі яго выпішуць – тады і выпішуць”.

Еўрарадыё: Як вы ўсё ж дамагліся спаткання з мужам у лякарні?


Вольга Бандарэнка: “Калі я спрабавала знайсці магчымасць для спаткання, высветлілася што мы не азнаёміліся з касацыйннай скаргай, і Зміцер знаходзіцца ў распараджэнні гарадскога суда. Я спачатку паехала ў гарадскі суд, мне далі дазвол на спатканне.  Потым я ўзгадніла гэта з адміністрацыяй і такім чынам убачыла Дзіму пасля аперацыі”.

Еўрарадыё: То бок незразумела, чаму судовая сістэма пайшла насустрач у такой складанай сітуацыі?


Вольга Бандарэнка: “У прынцыпе, паводле закону, пакуль ён не азнаёміўся з касацыйнай скаргай, я маю права на спатканне. Іншая справа, што ва ўмовах турмы гэта быў крыху іншы фармат. І тое што мне дазволілі спатканне – гэта вельмі добра. Я думаю, што гэта ўсё ж звязана з той хваляй інфармацыі, што пайшла з панядзелка і нават раней, калі ў Дзімы пачаліся сур’ёзныя праблемы. Увесь свет стаў на яго абарону, і я вельмі ўдзячная”.

Еўрарадыё: Раскажыце калі ласка пра стан здароўя Змітра пасля аперацыі.

Вольга Бандарэнка: “Складана штосьці сказаць, бо гэта быў другі дзень пасля аперацыі. Але калі ён убачыў мяне, то так узрадаваўся, што прынамсі на той момант яго здароўе дакладна палепшылася. Чыста эмацыйна ён выглядаў проста цудоўна. Ён распавёў, што пасля аперацыі левая нага - што балела, але слухалася – прайшла адразу. А правай ён не адчуваў зусім і вельмі спалохаўся.  Але пасля адчувальнасць узнавілася, і яму здаецца, што яна пачала дзейнічаць лепш. Лекар кажа, што гэта не можа так хутка ўзнавіцца, што можа быць гэта чыста псліхалагічны фактар. Але тым не менш ён у добрым эмацыйным стане. Ня ведаю, наколькі здароўе палепшылася за два дні, бо апроч таго што яму перашкаджала грыжа, яшчэ і нервовыя канчаткі былі доўга заціснутыя і яны не маглі ўзнавіцца. Яшчэ баляць швы пасля аперацыі, сама рана. Але псіхалагічна, мне падаецца, яму лепш”.

Еўрарадыё:  А якія далейшыя прагнозы лекараў? Бо казалі ж нават, што ён можа страціць правую нагу...

Вольга Бандарэнка: “ Усё будзе залежаць ад узнаўлення. Пакуль я не доўга размаўляла з лекарам, бо я збіраюся штодня з ім кантактаваць. Ен сказаў, што калі не будзе цалкам узнаўлення – пазванкі не прыйдуць у норму - тады як і да аперацыі застануцца хранічныя болі і застануцца праблемы з нагой”

Нагадаем, 28 ліпеня еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч заявіў, што "асабіста пагаворыць з міністрам замежных спраў Польшчы, які старшынюе ў Савеце ЕС, каб пытанню Бандарэнкі была нададзеная асаблівая ўвага, і каб тое, што адбываецца з гэтым вязням, уплывала на рашэнне аб верагодным пашырэнні эканамічных санкцыяў" у дачыненні да Беларусі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі