Ворсін: “Вельмі добра пачалі з фінамі, вельмі добра скончылі з канадцамі”
Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі падзяліўся з Еўрарадыё ўражаннямі ад выступлення нашай зборнай на чэмпіянаце свету.
15 траўня зборная Беларусі па хакеі прайграла ў сваім апошнім матчы чэмпіянату свету. На гэты раз канадцам — 1:5. За ўвесь турнір наша каманда выйграла толькі ў казахаў і на валасок заставалася ад вылету ў ніжэйшы дывізіён. Паводле колькасці набраных ачкоў (3) Беларусь заняла 14-е месца з 16 каманд. Горш за нас — толькі Італія (2) і Казахстан (1). За 7 гульняў мы забілі 11 галоў, а прапусцілі — 23. Калі прыгадаць задачу, якая ставілася перад нашымі хакеістамі (выхад у чвэрцьфінал), і вынік...
Пракаментаваць выступ зборнай Еўрарадыё папрасіла старшыню Федэрацыі хакея Яўгена Ворсіна.
Яўген Ворсін: Два апошнія матчы былі праведзеныя на вельмі добрым узроўні. Але сёння суддзі сапсавалі ўсю гульню: пры ліку 1:1 шэраг выдаленняў. І ў канцы гэта 5-хвіліннае выдаленне зламала ўсю гульню. Гулялі сёння вельмі выдатна. Мужыкі праявілі сябе. Паказалі, што гуляць умеем, ведаем як, і канадцы таксама адчулі гэта на сябе.
Ну а вынік, зразумела, не задавальняе. Пятымі ці шостымі мы мусілі быць абавязкова.
Еўрарадыё: Які, на ваш погляд, быў самы ўдалы і самы няўдалы матч у выкананні беларускай каманды?
Яўген Ворсін: Вельмі добра пачалі з фінамі, вельмі добра скончылі з канадцамі. Учора з французамі, у прынцыпе, таксама дамінавалі ўсю гульню, але вынік не атрымаўся. Быў выйграны матч у казахаў, хаця паводле зместу быў не вельмі добры. Як вынік гэта важна. Усё астатняе як бы эпізадычна. З тымі ж амерыканцамі. Хвалепадобная гульня на працягу адной сустрэчы характарызавала ўменне гуляць, а з іншай боку — наступаў момант, калі рабілі такія грубыя памылкі, за якія нас, натуральна, каралі.
Еўрарадыё: Балельшчыкі лічаць, што трэнеры і кіраўніцтва федэрацыі мусяць сысці ў адстаўку. Што думаеце пра гэта?
Яўген Ворсін: Гэта я каментаваць зараз не буду. Мала што пішуць балельшчыкі, вось прыедзем — і будзем разбірацца. Я вам зараз каментую ход турніра. А што кажуць балельшчыкі — гэта іншае.
Еўрарадыё: Ці даведаліся, чаму з каманды з’ехаў Андрэй Мезін?
Яўген Ворсін: Размова адбудзецца па прыездзе. Тады будзем ведаць, пакуль нічога не ведаем. Матывы невядомыя, мы можам толькі меркаваць.
Фота: ca.sports.yahoo.com