Школа: Палова з 48 выкладчыкаў ― пенсіянеры!

121003_martynovi4_nastauniki.mp3

Сярэдні ўзрост школьнага настаўніка ― бліжэй да 50 гадоў. Гэтым назіраннем дзеліцца на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка:

Аляксандр Бойка: “Сярэдні ўзрост у раёне 46-50 гадоў. Але гэта па рэгіёнах”.

Еўрарадыё вырашыла падлічыць маладых спецыялістаў і пенсіянераў у рэгіянальных школах. У сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка Хоцімск усяго 48 настаўнікаў. Амаль палова — пенсіянеры.

“У нас педагогі маюць сярэдні ўзрост у раёне 40 гадоў. Сёлета маладых спецыялістаў не прыязджала. У нас шмат пенсіянераў, 22 чалавекі. Адзін з іх ― “малады пенсіянер”, усяго 2 гады на пенсіі. Астатнія ўжо каля 5 гадоў на пенсіі”, ― распавядаюць у школе.

І запэўніваюць, што старэйшых за 65 гадоў няма. У сярэднім, настаўнік тут зарабляе 3 мільёны. Не так і мала ў дадатак да пенсіі.

У Брэсцкай школе №5 на 80 выкладчыкаў ― 5 пенсіянераў. Гэта з улікам бібліятэкара, распавядае дырэктар. Справа ў тым, што школа нядаўна “разжылася” маладымі спецыялістамі.

“Маладых спецыялістаў у нас 6 чалавек сёлета прыйшло. Звычайна яны застаюцца. Але ў гэтым годзе сышла настаўніца замежнай мовы пасля адпрацоўкі”, ― распавядаюць у адміністрацыі.

Сярэдні ўзрост тутэйшых выкладчыкаў ― каля 45 гадоў.

З Дрыбінскай сярэдняй школы бягуць маладыя спецыялісты, скардзяцца ў адміністрацыі. У гэтым годзе з’ехалі двое настаўнікаў. Але прыехала трое выпускнікоў.

“Практычна ўсе з’язджаюць адпрацаваўшы два гады. У асноўным — усе ў Магілёў. Цяпер у нас 6 маладых спецыялістаў. У гэтым годзе прыйшлі настаўнікі біялогіі, гісторыі і пачатковых класаў. А сярэдні ўзрост настаўнікаў ― вышэй за 30 гадоў”, ― распавядаюць у школе.

Тут працуе адзін пенсіянер.

Тым часам міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў 3 кастрычніка, што за 25 гадоў працы настаўнік выгарае і прафесійна “зношваецца”.

Сяргей Маскевіч: “Добра, калі людзі пенсійнага ўзросту працуюць у школе, пэўны час, вядома. З гэтым я не звязваю рэзультатыўнасць. Але па даследванні навукоўцаў, за 25 гадоў працы большасць настаўнікаў прафесійна выгарае. Тыя, хто дасягае пенсійнага ўзросту, не хочуць працягваць працу, проста яны ўжо “знасіліся”.

Але з 10 школ, куды звярнулася Еўрарадыё, толькі ў адной не было працуючых пенсіянераў. Відаць, “не знасіліся”.

Фота: creducation.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі