Па лёгкасці вядзення бізнесу Беларусь абагнала... Расію і Украіну
Еўрарадыё даведалася, як складаюцца сусветныя рэйтынгі і ці дапамагаюць яны прытоку інвестараў.
Беларусь — 69-я ў свеце па ўмовах вядзення бізнесу. А па некаторых паказчыках увогуле знаходзіцца ў дзясятцы найлепшых у свеце. Еўрарадыё разабралася, ці сапраўды ўмовы вядзення бізнесу ў нас ледзьве не найлепшыя ў свеце.
“69 месца — гэта сапраўды месца нядрэннае, калі параўноўваць з агульнай колькасцю краінаў”, — кажа Максім Знак. Ягоная фірма “ЮрЗнак” займаецца прававым суправаджэннем бізнесу ў Беларусі.
У дакладзе Сусветнага банка “Вядзенне бізнесу-2012” паводле індэксу лёгкасці вядзення бізнесу Беларусь заняла 69-е месца з 183 краінаў, падняўшыся з 91-га месца ў 2010 годзе. Для параўнання: Расія займае 120 месца, Украіна — 152-е.
Яшчэ з 2008 года Беларусь намагаецца ўвайсці ў трыццатку — чатыры гады таму Лукашэнка даў такі загад... Найбліжэй да гэтага мы былі ў 2010-м годзе, заняўшы 58-е месца.
Але нават 30-е месца ў рэйтынгу Сусветнага банка не гарантуе, што “сюды натоўпам пойдуць інвестары. Сур’ёзныя інвестары будуць выкарыстоўваць іншыя інструменты для ацэнкі рызыкі”, — упэўнены дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік.
Аляксей Пікулік: “Я не думаю, што ёсць нейкая прамая выразная сувязь паміж топавым месцам у дзясятцы і прытокам інвестыцый. Наіўна меркаваць, што, як толькі Беларусь патрапіць у трыццатку, то тут будзе чарга з інвестараў, якія будуць прагнуць прыйсці на беларускі рынак. Натуральна, што інвестары глядзяць на іншыя рэчы і спрабуюць скласці поўны малюнак таго, што адбываецца ў краіне”.
У апошнім рэйтынгу Беларусь дамаглася значнага прагрэсу па шэрагу паказчыкаў. Па паказчыку “Рэгістрацыя ўласнасці” мы займаем увогуле 4-е месца ў свеце!
“З пункту гледжання сітуацыі глабальнай, нельга сказаць адназначна, што 4-е месца ў свеце аб’ектыўнае. Тут суб’ектыўна прымяняюцца толькі пэўныя паказчыкі”, — каментуе рэйтынг дырэктар фірмы “ЮрЗнак” Максім Знак.
Самы відавочны прагрэс звязаны з падаткаабкладаннем: Беларусь доўгі час па гэтым паказчыку займала апошняе 183-е месца.
Максім Знак: “За апошні год шмат змянілася ў падатковым заканадаўстве. Калі мы пачыналі гаварыць пра гэта некалькі гадоў таму, тады яшчэ не было Падатковага кодэксу. Мы рухаемся павольна ад апошняга месца ў Падатковым рэйтынгу кудысьці вышэй”.
Але чаму мы дагэтуль не ў трыццатцы найлепшых? Іншыя краіны таксама не стаяць на месцы, — тлумачыць эксперт.
Максім Знак: “Кожны год адбываюцца змены не толькі ў нашым заканадаўстве, але і ў заканадаўстве іншых краінаў. Таму, калі нейкая краіна знаходзілася на 69-м месцы тры гады таму, магчыма, яна таксама пайшла за гэты час далёка наперад. І мы павінны яе даганяць. Таму параўноўваць сітуацыі розных гадоў — у прынцыпе некарэктна, таму што вельмі шмат пераменных”.
Еўрарадыё: Наколькі карэктныя гэтыя рэйтынгі і ці сапраўды яны адлюстроўваюць стан бізнес-клімату ў краіне?
Аляксей Пікулік: “Рэйтынг недасканалы, тут прасцей за ўсё знайсці нейкія шчыліны. З Сусветным банкам магчымыя маніпуляцыі. Цяпер многія аўтарытарныя краіны, напрыклад Азербайджан, імкнуцца ў трыццатку, для іх гэта з’яўляецца стратэгічнай задачай. Калі мы ў хуткай будучыні пабачым 4-5 постсавецкіх краін з, мякка кажучы, некапіталістычнымі эканомікамі ў дваццатцы лідараў … То напэўна ўсім варта будзе задумацца, што ж уласна такое — гэты “Doing Business Report”?”.
Эксперты вераць, што нават цяпер, калі задацца мэтай, можна ўвайсці ў трыццатку. Іншае пытанне — а ці трэба?
“Рэйтынг — гэта… Ну, гульня такая, у рэйтынг”, — дадае Максім Знак.
Цікава, што ў сваім апошнім перадвыбарным абяцанні кіраўнік краіны смела выкарыстоўвае рэйтынгі замест эканамічных паказчыкаў. Падобна, што з такой новай методыкай абяцанні выканаць прасцей.