Як адзін праваабаронца тры міністэрствы затроліў
Гары Паганяйла ўжо год судзіцца з чыноўнікамі, хоць тыя даўно выправілі сваю памылку і нават папрасілі ў яго прабачэння.
— Тыя падставы, на якіх быў пазбаўлены права на выезд, яны закранаюць маё сумленнае імя? Альбо не закранаюць?
— Ну мы ж прынеслі публічныя прабачэнні…
— А з гэтага вынікае, што яны закранаюць, ці не?
— Ваша сумленнае імя? Ну… Вядома… Напэўна, закранаюць.
— Скажыце калі ласка, у грамадскай думцы, тое, што я не выконваў свае грамадска-прававыя абавязкі, што не….
— Мы пра вас такой інфармацыі не распаўсюджвалі!
Гэта ўрывак з дыялогу паміж Гары Паганяйлам і кіраўніком Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксеем Бегуном, які ў выніку не вытрымлівае спакойнага тролінгу Паганяйлы і амаль зрываецца ў крык. Размова адбываецца не за столікам у кавярні падчас выпадковай сустрэчы, а ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы. Паганяйла, якому ў сакавіку 2012 года незаконна абмежавалі права на выезд, ужо амаль год цягае прадстаўнікоў розных міністэрстваў па судах, патрабуючы ад іх тлумачэнняў. Нягледзячы на тое, што адмены забароны на выезд ён дамогся яшчэ мінулым летам.
На паседжанні 21 студзеня перад Паганяйлам апраўдваюцца супрацоўнікі трох міністэрстваў — Мінфіна, Мінюста і Міністэрства унутраных спраў. Салідныя мужчыны ў гарнітурах, са скуранымі партфелямі, адводзяць вочы ў столь, чырванеюць і не могуць уцямна адказаць на пытанні Паганяйлы. Дзе тут адкажаш, калі ён патрабуе назваць канкрэтнае імя і пасаду чалавека, які ўнёс яго ў спіс невыязных, і якога МУС упарта называе няйначай як “тэхнічным збоем”.
“Пасада, прозвішча, ініцыялы службовай асобы, якая прыняла рашэнне аб унясенні ў спіс асобаў, якім часова абмежаваны выезд з краіны, альбо аб выключэнні з яго. Дата прыняцця рашэння аб часовым абмежаванні права на выезд, альбо зняцця такога абмежавання”, — сваю мантру Паганяйла паўтарае раз на 15 хвілін на працягу ўсяго паседжання.
Чыноўнік МУС адбіваецца завучаным паведамленнем аб прынесеных прабачэннях і выпраўленых памылках.
“У пісьмовым адказе Міністэрства унутраных спраў у асобе Дэпартамента па міграцыі прынесла прабачэнні за тэхнічны збой, які меў месца. Запэўніла, што гэта здарылася праз пэўную недапрацоўку ў праграмным прадукце. Зараз гэтыя нюансы выпраўленыя”.
Дапамагае гэта слаба. У Паганяйлы на руках усе патрэбныя паперы. Падаецца, што нават суддзя Юрый Шастакоў падтрымлівае праваабаронцу — настолькі незразумелымі і абсурднымі выглядаюць тлумачэнні адказчыкаў. Але ў выніку суддзя спыняе разнос. Дарэчы, ён унесены ў спіс неўяздных на тэрыторыю Еўрасаюза. Паганяйла пагаджаецца спыніць допыт чыноўніка з МУС па адным пытанні і дастае новую тэчку з дакументамі, каб… пачаць допыт па іншым.
Пасля паседжання пытаюся ў праваабаронцы, ці не стаміўся ён яшчэ судзіцца са шматлікімі ўстановамі і міністэрствамі. Гаворыць, што не стаміўся і наўрад ці стоміцца.
“Справа ў тым, што наўрад ці стамлюся. У нас, у праваабаронцаў, ёсць адна магчымасць даказваць дзяржаве, што яна не мае рацыі. Што менавіта яна з’яўляецца парушальніцай правоў і свабод чалавека. Мы робім гэта альбо абараняючы свае ўласныя правы ў судах, альбо правы іншых людзей”.
Рашэнне па справе Паганяйлы абвесцяць раніцай 23 студзеня. Гары Паганяйла не спадзяецца атрымаць запатрабаваныя 3 мільёны (менавіта ў такую суму ён ацаніў маральную шкоду). Падобна на тое, што ён атрымоўвае задавальненне ад самога працэсу.
“Пасада, прозвішча, ініцыялы службовай асобы, якая прыняла рашэнне аб унясенні ў спіс асобаў, якім часова абмежаваны выезд з краіны, альбо аб выключэнні з яго. Дата прыняцця рашэння аб часовым абмежаванні права на выезд, альбо зняцця такога абмежавання”.