Як беларусы правозяць тавары з Польшчы праз мяжу?
Еўрарадыё прасачыла, як буйныя партыі падгузнікаў трапляюць на беларускія кірмашы.
А 6 раніцы на стаянцы ля Беластоцкага кірмаша ўжо амаль няма месца, каб прыпаркавацца. Усё забіта легкавушкамі і бусамі з нумарамі на 4-ым рэгіёне, гэта Гродзенская вобласць. Ёсць таксама першы рэгіён (Брэст), трошкі сёмага (Мінск), шостага (Магілёў) і пятага (Мінская вобласць).
Тут шмат бусаў: недарагія "Форды" і "Фольксвагены" запоўненыя рознымі таварамі. Адзін — падгузнікамі, другі ў забой загружаны каробкамі з жаночымі калготкамі, зусім вялікі грузавы бус напоўнены кухонным начыннем. Дзверы аўтобусаў адчыненыя і ля кожнага стаіць чарга. Людзі зусім не схільныя да размовы.
— Не хочацца мне размаўляць. Ідзіце лепш з дзеўчынай пагаварыце, — адмаўляе мужчына.
— Вось вам мужчына лепш ўсё распавядзе, — кажа жанчына.
— А я тут пры чым? Я ўвогуле нічога не важу, — адказвае той.
Усе гэтыя рэчы ў аўтобусах беларусы набылі ў Беластоку. Ля іх выстройваюцца чэргі на рынку яшчэ з 5 раніцы. Але тут нічога не прадаюць! Гэтыя рэчы прадаюць ужо ў Беларусі. Аднак правезці такі аўтобус праз мяжу немагчыма. Бо абмежаванні: 50 кілаграм на чалавека, плюс не больш за тры аднолькавыя рэчы.
Дык вось гэтыя людзі падыходзяць да бусаў і бяруць... па тры рэчы. Малады мужчына запісвае кожнага ў сшытак. Пасля ідуць у іншую чаргу — і там усё паўтараецца. На легкавых аўто жыхары памежжа перавозяць калготкі, чайнікі, падгузнікі, блузкі. А на тым баку мяжы тавар... збірае такі самы бус.
Адзін хлопец раптам пагаджаецца распавесці, якія тавары карыстаюцца попытам у перавозчыкаў. Але яго перабіваюць суседзі.
— Адыдзіце, не кажыце нічога!
— Што, у турму пасадзяць? Бабулі тут карыстаюцца попытам, ездзяць туды-сюды, на пенсіі, — адказвае хлопец на пытанне.
Зарабіць за адну такую паездку можна, але перавозчыкі зарабляюць менш, чым уладальнікі тавару. За кожны правезены кілаграм плацяць ад 1 да 2 баксаў, гэта, праўда, потым адбіваецца за кошт пакупнікоў на беларускім кірмашы. Кожны можа везці па 50 кілаграм! Плюс да таго ў Польшчу беларусы вязуць бензін, гарэлку і цыгарэты.
Калі вопратка і памперсы ў Польшчы каштуюць нашмат менш, чым у нас, то гарэлка і папіросы ў нашай сацыяльнай дзяржаве танней у разы. Напрыклад, адну пачку "Вайсрой", купленую тут за 6 тысяч, у Беластоку забіраюць амаль за 6 злотых (16 тысяч).
Бліжэй да 8-й раніцы чэргі змяншаюцца. Багажнікі аўтобусаў апусцелі і многія машыны пачынаюць з'яжджаць, каб везці тавар праз мяжу.
На кірмашы застаюцца тыя, хто возяць тавары самі ў невялікай колькасці. У шапіку з посудам мужчына забірае дзве патэльні. Гаспадары занятыя справамі, бо кліентаў сёння шмат.
— Адзін раз шмат людзей, другі — мала. Сёння працуем, заўтра можам стаць, — распавядае гаспадар крамы. Яго жонка кажа, што народу дадалося перад святамі.
— Перад 8 сакавіка прыязджае больш. Напэўна, каханым жанчынам падарункі набываюць. Але няма часу размаўляць, трэба працаваць, — і збягае.
Ужо пазней на кірмаш падцягваюцца тыя, хто прыязджае закупіцца сем'ямі. Блукаючы сярод шэрагаў, сустракаем мінчан, якія прыехалі першы раз.
— Тыя ж Ждановічы, такі самы бардак, толькі цэннікі на палову танней, — дзеліцца ўражаннямі ад першай паездкі мужчына.
— Набылі каву, шакалад. З рэчаў пакуль нічога не купілі. Прыглядаемся, у параўнанні са "Жданамі" на 50 адсоткаў танней. Першае ўражанне — што танна. Але калі ўзяць кошт візы, дарогу, то для першага разу шкурка аўчынкі не вартая. Вось калі гадавую зрабіць і ездзіць набываць пастаянна для сваякоў і дзяцей.... Тэлевізар можна прывезці раз на год, тэхніка тут танней.
Бліжэй да апоўдня машын з беларускімі нумарамі становіцца ўсё менш, бо ўсе спяшаюцца на мяжу. Дарэчы, акрамя беларусаў закупляцца на кірмаш у Беласток прыязджаюць шмат прыбалтаў. На паркінгу былі машыны з Літвы і Латвіі, а па выходных тут набываюць рэчы мясцовыя.