Як “адмазацца” ад штрафу ў аўтобусе і які кантралёр зарабляе 1000 долараў?

121220_savich_kontra1.mp3

Наш маршрут са сталічнымі кантралёрамі Святланай Леановіч і Валянцінай Ліхадзіеўскай: “Вакзал — станцыя метро Аўтазаводская”. Сёмая гадзіна раніцы, на прыпынку “Кінатэатр "Ракета” шматлюдна. На вуліцы не надта халодна.

“Вось цяпер у транспарце ў асноўным рабочыя, усе з праязнымі, а вось паглядзіце потым, як будуць людзі выскакваць, калі стане святлей. Пасажыры пільнуюць кантралёраў, а цяпер нас не бачна”, — тлумачыць кантралёр.

Праз паўтары гадзіны святлее, і людзі сапраўды пачалі “вылятаць” з транспарту, заўважыўшы кантралёраў.

Святлана смяецца, што былі выпадкі, калі пасажыры кідалі родных дзяцей у транспарце, скідвалі адно аднаго з крэслаў і нават гублялі туфлі.

Праз 15 хвілін у тралейбусе трапляецца першая безбілетніца. Дакументаў і грошай няма, дзяўчына нават дэманструе кашалёк, і кантралёры выводзяць яе на вуліцу. Дзяўчына абяцае зняць з карткі і знікае.

“Я не магу яе трымаць, толькі словамі ўшчуваць, некаторыя чакаюць, а некаторыя сабраліся і пайшлі. І ўсё”, — тлумачыць Святлана.

Кантралёры нават не спрабуюць чакаць дзяўчыну: шанцаў, што яна вернецца, не шмат, і на вуліцы прабірае мароз.

Праз хвіліну мы зноў у транспарце. У аўтобусе ў аднаго з юнакоў прабіты талончык не супадае з узорам кантралёра. Той прызнаецца, што знайшоў квіток у аўтобусе і думаў, што пашчасціла. Грошай і пашпарта няма, але юнаку няма 18 гадоў і кантралёры яго адпускаюць.

“Звычайна мы пытаемся ў такіх не колькі гадоў, а якога года нараджэння. Хутка ніхто не падлічвае, пачынае блытацца — вось і выкрываем падман”.

Чарговы безбілетнік едзе з Серабранкі: хлопцу на выгляд 25 гадоў, працуе на кірмашы і з кантралёрамі гандлюецца. Тарахціць, ажно вушы закладвае:

“А давайце 10 тысяч? Давайце, я вам дам, і вам хопіць? Я першы і апошні раз, мне не хопіць грошай нават на кубак гарбаты! Давайце я вам куплю талончыкаў, магу вам тэлефоны зрабіць танней, зрабіце дабро — адпусціце мяне!”.

Святлана называе такіх энергетычнымі вампірамі і спяшаецца развітацца з хлопцам.

Наступны “заяц” прызнаецца кантралёру, што грошай няма, і нават прапаноўвае даехаць да вакзала і зняць грошы. На шчасце безбілетніцы, банкаматы не працуюць. Кантралёры бачаць імкненні дзяўчыны і адпускаюць яе: маўляў, што яе па банкаматах вадзіць?!

Ад штрафаў звычайна хочуць збегчы іншаземцы, студэнты і добра апранутыя жанчыны, канстатуе Святлана Леановіч.

“Нядаўна была сітуацыя, калі мы аштрафавалі дзяўчыну, яна казала, што яна без машыны і 20 тысяч штрафу для яе як сто рублёў. Яна заплаціла штраф, але ўвесь час лаялася на нас. Побач стаялі яшчэ некалькі штрафнікоў, яны маўчалі, а гэтая дзяўчына абражала, пакуль мы не выйшлі”.

У чарговым тралейбусе дзяўчына замест талончыка дастае 20 тысяч рублёў, моўчкі забірае квітанцыю штрафу.

За тры гадзіны мы налавілі больш за 20 чалавек, і ніхто з безбілетнікаў на кантралёраў не лаяўся.

“Гэтак вельмі рэдка бывае”, — здзіўляецца Валянціна. Звычайна ўсё праходзіць больш нервова.

Норма ў кантралёра — 4 “зайцы” за змену. Але на практыцы атрымліваецца больш, бо, паводле падлікаў дзяўчат, 40% мінчан не плацяць за праезд. За кожную квітанцыю кантралёру налічваецца  працэнт у дадатак да заробку. Таму некаторыя “паляўнічыя на зайцаў” могуць зарабляць у месяц ажно тысячу долараў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі