Кантралёр, якую цягалі за валасы: Проста спрабуюць закрыць гэту справу

“Людміла Іосіфаўна напісала заяву. Пасля таго інцыдэнту яна працаваць на былым месцы чыста маральна не змагла, ― распавядаюць у ідэалагічным сектары наваполацкага аўтапарка №6. ― Цяпер яна працуе ў нас, але на іншай пасадзе”.

Відэа скандальнага інцыдэнту ў наваполацкім аўтобусе разышлося па інтэрнэце напрыканцы лістапада. Людміла Шахліна (так гучыць яе сапраўднае прозвішча) даволі жорстка спрабавала спагнаць штраф з сям’і ― мужа, жонкі і дваіх малых дзяцей. За сям’ю заступіўся 22-гадовы грамадзянін, які схапіў кантралёра за валасы і нахіліў, траўмаваўшы той шыю.

Відэаролік здарэння выклікаў спрэчкі: ці законна дзейнічала кантралёр і хто гэты хлопец ― хуліган ці Робін Гуд.

“Ведаем, што была вочная стаўка, якая ні да чаго не прывяла, ― працягваюць распавядаць у ідэалагічным сектары аўтапарка. ― Выбачэнні не былі атрыманы. Грамадзянін Мікалай Б. не збіраецца выбачацца”.

Даведваемся, што Людміла Шахліна перавялася працаваць на платную стаянку аўтапарка. Звязваемся з ёй. Жанчына якраз збіраецца ісці на чарговую сустрэчу са следчым.

“Проста спрабуюць закрыць гэту справу за недаказанасцю нейкай. Вырашаецца, ці мы пойдзем на нейкае прымірэнне, ці справу накіруюць у суд”, ― выказалася Людміла Іосіфаўна і папрасіла звязацца з ёй праз гадзінку-другую. 

Але пагутарыць наноў не ўдалося.

“Яна не вярнулася, ёй стала дрэнна ― ціск. Больш нічога не ведаю”, ― уздыхае калега пацярпелай. 

Верагодна, ужо найбліжэйшым часам мы даведаемся пра развязку скандальнага здарэння ў наваполацкім аўтобусе.

“У цяперашні час следства працягваецца. Тэрмін заканчваецца ў панядзелак 28-га студзеня, ― паведамляе Іна Гарбачова, прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. ― Пра прынятае працэсуальнае рашэнне мы паведамім дадаткова”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі