Як памяняць Стывена Кінга на Васіля Быкава?

“Калі любіш кнігі — дазволь ім сысці” — такі слоган змешчаны на афішы івэнту па бясплатнай раздачы кніг, які мае адбыцца ў суботу ў “Графіці”.

“Асабіста я буду раздаваць кнігі бацькі, якія яму ўжо не патрэбныя, — расказвае Еўрарадыё ініцыятар праекту Сяргей, ён жа рэдактар культурніцкага сайту another.by. — Прынясу шмат фантастыкі, кнігі Стывена Кінга, Васіля Быкава, філасофію рэлігіі, энцыклапедыю філасофскіх навук, старыя савецкія кнігі “Глобус” 1971-1974 гадоў, зборнік задач па элементарнай матэматыцы… шмат усяго”.

“Буккросінг” даўно не новая з'ява, рух bookcrossing.com амерыканец Рон Харнбэйкер зарадзіў ужо 11 гадоў таму. Але арганізатары кажуць, што ў Беларусі з гэтай ідэяй мала хто знаёмы.

“Падобныя праекты я бачыў у нас толькі ў кнігарні “Логвінаў”, але там няма маштабу. Заходзіш у кнігарню — стаіць маленькая паліца, дзе часта можна знайсці толькі падручнікі па біялогіі для 8-га класу і рэдка нешта патрэбнае, — кажа Сяргей. — А мы запрасілі даволі вялікую колькасць людзей, і нават калі людзі не прыйдуць, а проста прачытаюць пра буккросінг — ужо добра, што даведаюцца пра такую ідэю”.

Арганізатары прапануюць усім далучацца да праекту, прынесці свае “непатрэбныя” кнігі і аддаць тым, хто захоча іх прачытаць. Ці проста прыйсці і выбраць сабе цікавую кнігу. Адзінае — просяць не забываць правіла буккросінгу: “узяў на халяву кнігу — прачытаўшы, аддай яе каму-небудзь яшчэ”.

15 верасня, 12:00-17:00

Паб-клуб “Графіці”
Уваход вольны (з кнігамі ці без).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі