Якія правы маюць затрыманыя падчас мірных акцыяў?

Езрарадыё: Калі ты патрапіўся, сядзіш у пастарунку, на што затрыманы мае права?

Атаманчук: “Затрыманы мае права папрасіць супрацоўнікаў міліцыі пра тое, каб было паведамлена паўнагадовым членам яго сям’і, блізкім, абаронцу, наймальніку або ва ўстанову адукацыі, калі гэта студэнт, пра тое, што ён затрыманы і было ўказанае яго месцазнаходжанне”.

Еўрарадыё: А ён сам можа пазваніць ці гэта будуць рабіць міліцыянты?

Атаманчук: “Так, ён можа сам пазваніць”.

Еўрарадыё: Такое права ёсць у кожнага? Калі чалавек хоча сам паведаміць, што яго затрымалі, міліцыянты не маюць права адмовіць?

Атаманчук: “Не маюць права адмовіць”.

Еўрарадыё: А ці павінні міліцыянты прадстаўляцца падчас затрымання?

Атаманчук: “Безумоўна”.

Еўрарадыё: І калі затрыманы знаходзіцца ў пастарунку, службовыя асобы што там знаходзяцца не маюць права хаваць сваіх бэйджыкаў, а павінны называць свае імёны?

Атаманчук: “Тут, напэўна, размова вядзецца пра асобу, якая складае пратакол? Пры затрыманні, асобы, якія падышлі да правапарушальніка і хочуць яго затрымаць, павінны прадставіцца. Асоба якая складае пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне свае дадзеныя указвае ў пратаколе. Або калі гэта пратакол пра затрыманне, там таксама указваюцца звесткі пра службовую асобу”.

Еўрарадыё: Колькі часу можна трымаць чалавека ў РАУСе без блумачэнняў і без складання пратаколу?

Атаманчук: “Варта адзначыць, у якіх выпадках чалавек увогуле можа затрымлівацца. Калі неабходна перапыніць супрацьпраўную дзейнасць, калі неабходна скласці пратакол, або калі неабходна высветліць асобу правапарушальніка або забяспечыць яго ўдзел пры разглядзе справы пра адміністратыўнае правапарушэнне. Ну і яшчэ ў некаторых выпадках. Затрымлівацца грамадзянін можа для гэтых мэтаў на тэрмін да трох гадзін. Калі здзейсненае правапарушэнне, за якое прадугледжанае адміністратыўнае пакаранне ў выглядзе адміністратыўнага арышту або дэпартацыі – у гэтай сітуацыі грамадзянін можа быць затрыманы на тэрмін больш за тры гадзіны”.

Еўрарадыё: А калі людзі сядзяць у пастарунку больш за тры гадзіны і ніхто ім не тлумачыць, ні за што яны затрыманыя, ні пратакол не складаецца, што ім рабіць у такой сітуацыі?

Атаманчук: “Гэта парушэнне іх правоў, безумоўна. Калі чалавек затрыманы – павінен складацца пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне. Клаі затрыманне цягнецца не больш за тры гадзіны, то ў пратаколе робіцца пазнака пра тое што чалавек затрымліваўся на тэрмін не большы за тры гадзіны. А калі больш за тры гадзіны – то абавязкова складаецца пратакол затрымання. Штопраўда копія ўручаецца чалавеку толькі па яго просьбе. То бок калі затрыманы заявіў пра жаданне мець копію пратакола пра затрыманне – яму павінны яе ўручыць. А сам пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне павінен уручацца непасрэдна асобе ў адносінах да якой ён складзены. Гэта прапісана ў законе. Таму перабыванне без усялякіх падставаў, без пратакола, без афармлення – безумоўна, гэта парушэнне правоў грамадзяніна і неабходна звяртацца са скаргай або да вышэйшай службовай асобы, або ў пракуратуру, або ў суд”.

Еўрарадыё: Ці павінен затрыманы абавязкова падпісваць пратакол?

Атаманчук: “Не, падпісваць пратакол гэта яго права. Калі ён не хоча падпісваць пратакол, ён не абавязаны гэтага рабіць. Тады проста будзе зробленая адзнака, што ён адмовіўся падпісваць. У яго могуць папрасіць патлумачыць прычыны адмовы ад подпісу. То бок ён можа іх указаць, а можа не указваць”.

Еўрарадыё: Колькі часу можна трымаць у пастарунку людзей без вады і без ежы?

Атаманчук: “Вы ведаеце, у законе ўвогуле такога не ўказана, што могуць затрымліваць на нявызначаны час без ежы і вады. То бок, калі гэта больш за 72 гадзіны, то гэта ўжо напэўна будзе затрыманне па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага правапарушэння. Тут ужо іншая сітуацыя”.

Еўрарадыё: А калі напрыклад затрымалі а шостай увечары і трымаюць да дванаццатай? Зразумела што ніхто карміць не будзе, але ці маюць права людзі патрабаваць ежу ці хаця б шклянку вады?

Атаманчук: “Канечне, маюць права патрабаваць, безумоўна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі